|   Сёння з ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам у СІЗА на Валадарскага бачыўся ягоны адвакат Павел Сапелка. Аўтуховіч перадаў, што распачынае бестэрміновую галадоўку пратэсту. 
			Патрабаванні — хутчэйшае завяршэнне следства ці змяненне меры стрымання яму, а таксама Юрыю Лявонаву і Ўладзіміру Асіпенку. 
			Па словах Паўла Сапелкі, следства па справе падоўжаная да 5 траўня. «Стан здароўя не вельмі добры. Скардзіцца на сэрца, баляць вочы», — кажа П.Сапелка. Нядаўна Аўтуховіча перавялі ў больш прасторную камеру, дзе знаходзіцца толькі чатыры чалавекі. 
			    Галадаць для Аўтуховіч не ў навінку. Падчас свайго першага арышту, у 2005 годзе былы афганец правёў рэкордную 74-дзённую галадоўку за кратамі, у час якой страціў 40 кілаграмаў вагі.  
			Пасля той акцыі пратэсту ваўкавысца выпусцілі пад хатні арышт. 
			Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч разам з сваімі паплечнікамі Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам быў арыштаваны 8 лютага. Іх падазраюць у падпалах маёмасці мясцовых чыноўнікаў. 
			Сёння а 18:00 гадзіне ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца акцыя салідарнасці з арыштаванымі. 
			  
			Наша Нiва 
			 
					 
			 
			 |