Палітвязняволены Арцём Дубскі вызвалены з СІЗА пад падпіску аб невыяздзе

16.04.2009

З бабруйскага ізалятара нечакана вызвалілі актывіста «Маладога Фронту» Арцёма Дубскага. Апазіцыянер будзе знаходзіцца пад падпіскай аб невыяздзе да суду.

На волю Арцём Дубскі выйшаў позна ўвечары 15 красавіка. Прэс-цэнтру Хартыі’97 атрымалася звязацца з Арцёмам Дубскім па тэлефоне адразу ж пасля ягонага вызвалення.

«У 21.30 да мяне ў камеру прыйшоў в.а. начальніка СІЗА маёр Кутурмін і сказаў, каб я збіраў рэчы. Я хутка сабраў свой заплечнік, вырашыў, што мяне проста пераводзяць у іншую камеру, гэта адбываецца вельмі часта. Але мяне нечакана выставілі за дзверы. Я апынуўся позна ўвечары без грошай, у чужым горадзе. Патэлефанаваў з таксафона маці, яна паведаміла рабятам з «Маладога Фронту» і за мной тут жа выехалі, каб адвезці дадому ў Асіповічы. Вызвалілі мяне пад падпіску аб невыяздзе — да суду. Думаю, што суд адбудзецца хутка, мабыць, на працягу двух тыдняў. Справа разадзьмутая. На допыт мяне выклікалі за час знаходжання ў ізалятары ўсяго адзін раз», — распавядае Арцём Дубскі.

Па словах палітвязня, абыходжанне з затрыманымі ў Бабруйскам СІЗА было жорсткім.

«Практыка збіванняў у СІЗА распаўсюджаная. Вось усяго адзін прыклад. Па правілах распарадку з 6.00 да 22.00 затрыманыя не маюць права ляжаць на ложках, яны могуць на іх толькі сядзець. Адпаведна з раніцы мы абавязаныя ўсё згарнуць матрацы і пакласці іх на падлогу ў куце. Але сядзець на ложках немагчыма, таму што яны зробленыя з дробнай арматуры, доўга на іх не праседзіш, вельмі балюча. Мы напісалі скаргу начальніку СІЗА. Прагледзеўшы ўнутраныя правілы, убачылі, што паводле аднаго з пунктаў, сядзець на ложуі, высланым матрацам, усё ж такі можна. І вось аднойчы, калі мы ў камеры глядзелі тэлевізар, у камеру ўварваліся чатыры амапаўцы. Мы проста глядзелі тэлевізар, за стол маглі сесці толькі 5-6 чалавек. Астатнія павінныя былі стаяць або сядзець на нязручных ложках. Але сярод нас былі і пажылыя людзі, ім было цяжка, таму на адзін з ложкаў вырашылі распасцерці матрац і сесці. Убачыўшы гэта, амапаўцы заштурхвалі нас па адным у пакой надглядаў, абшуквалі, ставілі на «расцяжку» — гэта, калі ты рукамі ўпіраешся ў адну сцяну, нагамі — у супрацьлеглую, і так вісіш, а цябе збіваюць дубінкамі…», — распавядае моладзевы актывіст.

Арцём Дубскі пакутуе ад язвы страўніка, але неабходных лекаў яму ў СІЗА прадастаўлена не было.

«У іх, з іхніх словаз, усё ёсць, але, мабыць, гэта толькі для выключных людзей. Усё што звычайна даецца ў санчастцы затрыманым — гэта актываваны вугаль або мазь Вішнеўскага. Падчас абвастрэння язвы страўніка мне давалі толькі абязбольваючыяя таблеткі. Потым чамусьці забаранілі перадаваць ваду. Хоць мне катэгарычна нельга было піць хлараваную ваду з-пад крана», — кажа актывіст «Маладога Фронту».

Аб праведзеных у ізалятары некалькіх месяцах Арцём кажа, што яны «пайшлі на карысць». «Я убачыў, як працуе гэтая сістэма», — кажа малады чалавек.

Аб вяртанні ў Беларусь, дзе адразу ж патрапіў за краты, Дубскі не шкадуе. «Мусіць, гэта маё, мусіць, я тут патрэбен. Ва Ўкраіну яшчэ паеду, там ў мяне каханая дзяўчына. Але жыць сапраўды буду на радзіме. Трэба нешта змяняць, трэба нешта рабіць», — упэўнены палітвязень.

Удзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі знаходзіўся за кратамі з 13 лютага 2009 года. Яго арыштавалі, калі ён прыехаў у Беларусь з Украіны, дзе пражываў пасля суду. 3 сакавіка над актывістам ужо прайшоў адзін з двух запланаваны крымінальных судоў — з-за нібыта выкрадзенай сім-карты. Судовы разгляд быў спынены з-за прыходу бакоў да мірнай дамовы, але моладзевага актывіста не вызвалілі. Зараз яго чакае наступны працэс — па артыкуле 415 КК («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»).

Адзначым, што «Справа 14-ці» — справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандар Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» — Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Тацяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.