Пракуратура ўжо 10 гадоў не можа знайсці забойцаў генерала Захаранкі

16.04.2009

Пракуратура Менска падоўжыла да 24 чэрвеня расследаванне справы аб знікненні экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.

Паведамленне менскай пракуратуры аб падаўжэнні тэрмінаў расследавання справы па факце знікнення Юрыя Захаранкі атрымаў праваабаронца Алег Воўчак.

«Тэрміны расследавання падоўжылі да 24 чэрвеня 2009 года, — сказаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Алег Воўчак. — Пра гэта сказана ў паведамленні менскай пракуратуры ад імя следчага Ю.В.Вараўка. Гэта стандартная даведка з трох прапановаў, якая, па сутнасці, з'яўляецца чарговай адпіскай. У мяне іх набралася ўжо каля 15. Такімі паведамленнямі пракуратура хоча проста зрабіць справаздачу перад Камісіяй па недабраахвотных знікненнях пры Радзе па правах чалавека ААН. Можна канстатаваць, што расследаванне не зрушылася з месца. Надзеяў на тое, што нешта зменіцца, у нас па-ранейшаму няма».

Нагадаем, што былы міністр унутраных справаў і адзін з лідэраў апазіцыі Юры Захаранка знік у траўні 1999 года. Многія ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не скончанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і яго лёс, невядомыя.

Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідэраў беларускай апазіцыі датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі: былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, экс-сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Зміцер Паўлічэнка, экс-міністр унутраных справаў Юры Сівакоў.