Пра Захаранку ўспомняць у дзень праскага саміту

20.04.2009

Зь ініцыятывай правесьці 7 траўня масавую акцыю, прысьвечаную 10-гадавіне гвалтоўнага зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, сёньня выступіла Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Яе старшыня Анатоль Лябедзька згадаў, што Юры Захаранка ўваходзіў у склад кіраўніцтва АГП:

“У сераду, 22 красавіка, наша партыя афіцыйна зьвернецца да калегаў з Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, каб яны падтрымалі нашу ініцыятыву. Наш таварыш быў гвалтоўна выкрадзены менавіта 7 траўня. У гэты дзень сёлета Аляксандар Лукашэнка магчыма будзе ў Празе. Але незалежна ад таго, ці ён паедзе туды, ці застанецца ў Беларусі, мы такую акцыю правядзем”.

З боку дзяржавы дагэтуль не прадпрымаліся сур'ёзныя спробы расьсьледваньня зьнікненьня экс-міністра. Паводле словаў палітычнага эмігранта й былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева Юры Захаранка быў выкрадзены, а пасьля гэтага расстраляны паводле загадаў людзей, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.

Сям'я Юрыя Захаранка — жонка, дзьве дачкі й ўнукі — вось ужо некалькі гадоў жывуць уНямеччыне, дзе атрымалі палітычны прытулак.