Палітвязень Мікалай Аўтуховіч ужо тыдзень трымае галадоўку

22 апреля 2009

Адвакат арыштаванага ваўкавыскага прадпрымальніка не ведае аб стане ягонага здароўя, а беларускія прадпрымальнікі патрабуюць неадкладнага вызвалення палітвязняў.

16 красавіка лідэр прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч абвясціў галадоўку ў менскім СІЗА. Ён патрабуе максімальна хуткага завяршэння расследавання альбо змены меры стрымання. Мікалай Аўтуховіч не прызнае сябе вінаватым і патрабуе, каб расследаванне справы было перададзенае з Міністэрства ўнутраных спраў у Генеральную пракуратуру. Усе абвінавачванні палітвязень лічыць абсурднымі. Прадпрымальнік мае намер галадаць да таго часу, пакуль яму, а таксама Ўладзіміру Асіпенку і Юрыю Лявонаву не будзе змененая мера стрымання.

Адвакат Павел Сапелка заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97, што не ведае аб стане здароўя Мікалая Аўтуховіча. «У канцы тыдня я буду ў яго ў СІЗА. А пакуль, магу толькі сказаць, што ніякіх вестак мне ад яго не паступала, так што думаю, што стан здароўя ў яго нармальны», — адзначыў адвакат.

Тым часам, Кардынацыйная рада прадпрымальнікаў Беларусі прынялі заяву з патрабаваннем неадкладнага вызвалення палітвязняў.

«16 красавіка лідэр прадпрымальнікаў, палітвязень Мікалай Аўтуховіч пачаў галадоўку супраць незаконнага арышту, — вядзецца ў заяве беларускіх прадпрымальнікаў. — Мы ганарымся мужнасцю нашага калегі. Мы салідарныя з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімірам Асіпенкам і іх сем'ямі. Мы ўдзячныя беларускім праваабарончым і палітычным структурам, якія не пабаяліся выказаць салідарнасць з палітвязнямі. Удзячныя прадстаўнікам міжнародных структур, якія маральна падтрымалі палітвязняў і выказалі патрабаванне з неадкладнага вызвалення».

Прадпрымальнікі лічаць, што галадоўка Мікалая Аўтуховіча накіраваная супраць беззаконня беларускіх улад.

«Галадоўка М. Аўтуховіча, на наш погляд, гэта не толькі пратэст чалавека супраць прававога бязмежжа па канкрэтнай палітычнай справе, — заяўляюць прадпрымальнікі. — Гэта барацьба за лепшую будучыню ўсёй Беларусі. Галадоўка М. Аўтуховіча дае шанец усім тым грамадзянскім і палітычным структурам, якія яшчэ не зразумелі цынічнасці беззаконня, якую ажыццяўляюць улады, заявіць аб сваёй падтрымцы сённяшніх палітвязняў.

Мы патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў! Заклікаем усіх людзей добрай волі зрабіць усё магчымае, каб у нашай краіне не было палітвязняў».

Нагадаем, што ваўкавыскія прадпрымальнікі Юрый Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. Санкцыю на затрыманне і ператрус у іхных кватэрах даў пракурор Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.