Акцыя ўшанаваньня памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій адбылася ў Курапатах

30.04.2009

29 красавіка ў Курапатах прайшла традыцыйнай акцыя ўшанаваньня памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

На акцыю Памяці, што праходзіць штомесяц, прыйшло каля 20 чалавек, у большасьці-моладзь.

Людзі запалілі сьветачы й паставілі іх да крыжоў, усклалі кветкі й супольна памаліліся, прасьпявалі нацыянальны беларускі гімн "Магутны Божа".

Перад прысутнымі выступіў кіраўнік сэкцыі "Мэмарыял" Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў і культуры Вячаслаў Сіўчык.

"Мэта нашых акцый у тым, каб у беларускім календары ўзьнікла дата памяці ахвяр палітычных рэпрэсій — 29 кастрычніка. Вельмі шкада, што якраз напярэдадні нашай акцыі па Беларусі прайшла чарговая хваля вандалізму. Два крыжы былі падпалены тут, у Курапатах. Тры дні таму ў Вілейцы невядомымі зьнішчаны помнік Лапіцкаму, пастаўлены на месцы ягонага расстрэлу. Акты вандалізму сьведчаць пра тое, што каты і іх патомкі маюць уладу ў гэтай беднай краіне”, зазначыў спадар Сіўчык.