З такім заклікам да швэдзкай фэдэрацыі хакею зьвярнуліся вядомыя праваабаронцы са Швэцыі і Беларусі — прэзыдэнт ініцыятывы “Ostgruppen for demokrati och manskliga rattigheter” Марцін Угла і старшыня незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.
“Мы зьвяртаемся да швэдзкай фэдэрацыі, каб тая паўплывала на швайцарскіх калегаў — не запрашаць старшыню беларускай фэдэрацыі хакею Ўладзіміра Навумава на чэмпіянат сьвету. Мы таксама настойліва просім швайцарскі ўрад не дазволіць Навумаву ўезд у Швайцарыю”, — пішуць у сваім лісьце праваабаронцы. Зварот быў надрукавалі ў шэрагу швэдзкіх выданьняў.
Як вядома, Беларусь — адна з краін-кандыдатак на правядзеньне ўсясьветнага першынства па хакеі ў 2014 годзе. Канчатковае рашэньне па гэтым пытаньні будзе прынятае на кангрэсе ІІХФ 7-9 траўня ў часе цяперашняга чэмпіянату сьвету ў Швайцарыі. 7 траўня прэтэндэнты правядуць свае фінальныя прэзэнтацыі, а 8 траўня адбудзецца галасаваньне.
Гэтыя мерапрыемствы ў Бэрне і плянуе наведаць Уладзімер Навумаў як кіраўнік фэдэрацыі хакею Беларусі.
Як адзначаюць Марцін Угла і Алесь Бяляцкі, кіраўнік беларускай хакейнай фэдэрацыі, экс-міністар унутраных спраў Навумаў падазраецца ў дачыненьні да сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека. Ён уваходзіць у сьпіс тых беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ і ЗША.
Праваабаронцы нагадваюць пра сувязь экс-міністра са зьнікненьнем чатырох беларускіх апазыцыянэраў, сярод якіх быў і генэрал міліцыі Юры Захаранка. Ён зьнік 7 траўня 1999 году.
Цяпер, заўважаюць швэдзкі і беларускі праваабаронцы, Навумаў спадзяецца наведаць Швайцарыю.
Хоць Швайцарыя і не зьяўляецца сябрам ЭЗ, але яна падтрымала санкцыі Зьвязу ў дачыненьні да некаторых беларускіх палітыкаў.
Радыё Свабода
|