У Беларусі менш свабоды слова, чым у Зымбабвэ

1 мая 2009

188-е месца са 195-ці займае Беларусь у Індэксе свабоды слова за 2009 год, складзеным амэрыканскім дасьледчым цэнтрам "Freedom House".

Ужо шмат гадоў Беларусь знаходзіцца ў катэгорыі несвабодных краінаў – такіх, дзе, паводле ацэнак “Freedom House”, свабодныя мэдыі ці адсутнічаюць увогуле, ці прысутныя ў вельмі нязначнай колькасьці. Летась Беларусь была на тым жа 188 месцы, а пазалетась на 186-м.

Вось што сказаў кіраўнік “Freedom House” Крыстафэр Уолкер:

"Мы не назіралі істотных зьменаў, якія б палепшылі сытуацыю са свабодай слова ў краіне. Фактычна за апошнія пяць гадоў, калі назіраць за сытуацыяй у гэтым рэгіёне, Беларусь — адна з тых краінаў, дзе найбольшае паніжэньне свабоды слова і вельмі, вельмі непрыветны асяродак для свабоды СМІ”.

У справаздачы дасьледаваная сытуацыя ў 195 краінах сьвету. Паводле "Freedom House", 64 зь іх маюць статус несвабодных паводле індэксу свабоды слова. У васьмёрку з самымі нізкімі адзнакамі трапілі Беларусь (188), Узбэкістан (189), Куба (190), Эрытрэя (191), Лібія (192), Бірма (193), Туркмэністан (194) і Паўночная Карэя (195), якая замыкае сьпіс. Вышэйшую за Беларусь ацэнку атрымалі Экватарыяльная Гвінэя (187), Зымбабвэ (186), Іран (182) ды іншыя краіны.

Першае месца ў сьвеце паводле рэйтынгу свабоды слова займае Ісьляндыя, за ёй ідуць Фінляндыя і Нарвэгія. Суседнія зь Беларусьсю Літва знаходзіцца на 18-м, Латвія на 23-м, Польшча на 24 месцы, у гэтых краінах мэдыі прызнаныя свабоднымі, суседняя Ўкраіна — на 55-м месцы — у катэгорыі часткова свабодных. Расея, як і Беларусь, мае статус несвабоднай паводле Індэксу свабоды слова і знаходзіцца на 174 месцы. Дарэчы, у 2003 Расея яшчэ была ў сьпісе “часткова свабодных”, з таго часу назіраецца паніжэньне яе рэйтынгу.

Паводле "Freedom House", у рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, былога Савецкага Саюзу назіралася найбольшае паніжэньне свабоды слова. Былі забітыя журналісты ў Баўгарыі і Харватыі, былі напады на журналістаў у Босьніі.

"Freedom House" адзначае нэгатыўнае ўзьдзеяньне сусьветнага фінансавага крызісу на свабоду мэдыяў. Але, калі ў свабодных грамадзтвах гэта прывяло да скарачэньня фінансаваньня СМІ, то ў краінах з дэспатычнымі ўрадамі крызіс даў новыя інструмэнты для павялічэньня кантролю ўладаў над мэдыямі.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец ня лічыць высновы "Freedom House" нечаканымі, бо Беларусь штогод трапляе пад крытыку міжнародных праваабарончых арганізацый:

“Нават тыя крокі, якія былі зроблены пры канцы мінулага году — гэта вяртаньне ў сыстэму распаўсюду выданьняў “Народнай волі” і “Нашай нівы” і некаторыя пазытыўныя моманты, зьвязаныя з ужываньнем новага закону аб сродках масавай інфармацыі, — хутчэй сьведчаць пра нейкія паказальныя моманты, а не пра сыстэмныя захады, якія насамрэч могуць зьмяніць сытуацыю. І калі мы пачытаем рэкамэндацыі Эўрапейскага парлямэнту Беларусі ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, мы пабачым, што ніводная з рэкамэндацый не выконваецца, нягледзячы на тое, што ў нас нібыта адбываецца дыялёг з Эўропай.

Калі лічыць грамадзка-палітычныя выданьні, то ў нас і трох дзясяткаў не набярэцца. І амаль палова выкінута з сыстэмаў распаўсюду. А некаторыя нават ня могуць друкавацца ў Беларусі, як газэта “Товарищ”. Другое — гэта праблема з акрэдытацыяй замежных карэспандэнтаў і іх дзейнасьцю на тэрыторыі Беларусі. І зноў апошнім часам мы назіраем толькі ўзмацненьне ціску на іх. Цягам апошніх двух месяцаў бальшыня незалежных выданьняў, якія зноў зьвярнуліся да “Белпошты” і “Саюздруку”, каб іх вярнулі ў сыстэму распаўсюду, падпіску і шапікі, атрымалі амаль пад капірку адны адмовы. Больш за тое, напрыклад, “Бабруйскі кур'ер”, які быў уключаны ў падпісны каталёг “Белпошты”, атрымаў адмову”.

Рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч лічыць за неабходнае скасаваць рэгістрацыю мэдыяў у Беларусі, зрабіць агульнадаступным распаўсюд выданьняў, спыніць эканамічны і адміністратыўны ціск уладаў на мэдыі. Адносна ацэнкі “Freedom House” ён сказаў:

“Насамрэч свабодныя мэдыі нязначна прадстаўленыя ў нашай інфармацыйнай прасторы. Таму гэтая ацэнка выглядае адэкватнай. Наагул, сытуацыя нездавальняючая ў краіне. І тая ўмоўная лібэралізацыя, пра якую апошнім часам так шмат гаварылася, найменш тычыцца менавіта сродкаў масавай інфармацыі. Фактычна, што можна згадаць, — гэта тое, што “Народную волю” і “Нашу ніву” зноў пусьцілі ў шапікі і ў распаўсюд празь “Белпошту”. Але застаецца яшчэ больш за 10 выданьняў, якія так і пазбаўленыя магчымасьці карыстацца паслугамі манапалістаў. Маем, на жаль, тое, што маем”.

Алесь Дашчынскі, Ганна Соўсь
Радыё Свабода