Цяпер той інцыдэнт мала хто згадвае. Незадоўга да знікнення Юрыя Захаранкі ў цэнтры Мінску адбылося затрыманне яго і Генадзя Карпенкі.
Гэтаму была прысвечаная экстрэнная прэс-канферэнцыя ў кватэры на першым паверсе аднаго са старых дамоў на праспекце Незалежнасці (тады Скарыны). Тады там быў карпункт адной з расійскіх тэлекампаніяў. Сведкі распавялі пра тое, як у іх на вачах, проста ў двары, апальным палітыкам перакрылі шлях спецназаўцы і асобы ў цывільным. Прычым, сярод іх былі і нядаўнія падначаленыя экс-міністра. Некаторыя сарамліва ўсміхаліся. Затрыманых без тлумачэнняў пасадзілі ў машыну і некуды павезлі. Праз некаторы час іх выпусцілі.
Памятаю стан узбуджэння, у якім перабывалі тады многія журналісты, у тым ліку і я. Падобныя бандыцкія дзеянні тады яшчэ не былі звыклымі для прэсы. Хадзілі дзіўныя чуткі пра камандзіра роты СОБР (спецаддзелу хуткага рэагавання) нейкага Паўлічэнку, які ездзіць па горадзе ў пошуку ворагаў рэжыму на чырвоным БМВ.
Ад гэтага патыхала таннай сенсацыяй, пошласцю, але, здавалася, ніяк не смерцю. За два з паловай гады да згаданага здарэння з Захаранкам, стрэлілі ў службовую машыну Карпенкі. Пазней была начная пагоня па горадзе за Віктарам Ганчаром — таксама са стралянінай, у выніку якой паранілі яго памочніцу. На той момант Ганчар працаваў у Эканамічным судзе СНД у Мінску.
Усё разам нагадвала фрагменты нейкага гангстэрскага серыялу. Але не ўспрымалася ўсур’ёз да канца. Пасля мая 1999-га ўсё змянілася. Праўда, таксама не адразу. Думалася, можа, да знікнення экс-міністра ўнутраных справаў мелі дачыненне нейкія крымінальнікі? Не верылася, што крымінальнікі могуць быць ва ўладзе…
Стылістычныя разыходжанні
З Віктарам Ганчаром мне пашчасціла некалькі разоў убачыцца пры жыцці, браць у яго інтэрв’ю. Юрыя Захаранку бачыў толькі на прэс-канферэнцыях. Яны былі, зразумела, зусім рознымі людзьмі, з розным досведам у жыцці і ў палітыцы. Але было і нешта супольнае.
Найперш — прыгажосць. Зразумела, маю на ўвазе не гламурную прыгажосць у стылі модных выданняў ці тэлеэстэтыкі «першых каналаў». Хоць чарнавусага генерала міліцыі Захаранку ў белым кіцелі лёгка сабе ўявіць на вокладцы часопісу. І Віктар Ганчар быў надзвычай тэлегенічны. Абодва заўсёды падцягнутыя, бездакорна акуратныя, энергічныя.
Ды кожны з тых, каго мы завем невыразным словам «зніклыя», быў абаяльным і прыгожым: Анатоль Красоўскі і Зміцер Завадскі таксама, безумоўна. Паглядзіце на іх фатаграфіі. Паглядзіце на твары жонак і дзяцей гэтых людзей. А цяпер параўнайце іх з фатаграфіямі Навумава, Паўлічэнкі, Сівакова, Шэймана… Альбо з партрэтамі «членаў палітбюро», вынесенымі нядаўна на першую паласу «Нашай Нівы».
Некаму можа падацца суб’ектыўным, нават недарэчным такі «фізіягнамічны» падыход, развагі пра эстэтыку. Суб’ектыўнасці не хаваю. Але, на мой погляд, мараль і эстэтычныя густы часам намёртва звязаныя паміж сабой. Квазімода не любіць прыгожых людзей, красналюдкі не выносяць волатаў. Паставіць гіпсакардонную дэкарацыю на месцы зруйнаванага помніку гісторыі, спілаваць стогадовыя дубы, вылаяцца матам, ударыць кулаком у твар жанчыну — вось іх эстэтычнае крэда.
Некалі расійскі літаратар-дысідэнт Андрэй Сіняўскі (за творы, апублікаваныя за мяжой, ён атрымаў разам з Юліем Даніэлем 7 гадоў лагераў) казаў, што ў яго «з савецкай уладай стылістычныя разыходжанні». І ў гэтым не было ні позы, ні крывадушнасці. Бо эстэтычныя каштоўнасці, стыль творчасці маюць куды больш грунтоўнае значэнне, чым палітычныя прынцыпы. Фактычна, у стылі жыцця праяўляецца этыка.
Мемарандум Пургурыдэса
У сувязі з запрашэннем Беларусі далучыцца да праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» галоўным чынам абмяркоўваюць, ці паедзе Аляксандр Лукашэнка ў Прагу 7 мая. І рэдка згадваюццца імёны зніклых. Нават аўтары адкрытага ліста Еўрасаюзу Івонка Сурвілла, Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Казулін хоць і пішуць пра маральныя прынцыпы, але пра зніклых наўпрост не гавораць. (Што не дзіўна, калі ўспомніць, што адзін з аўтараў казаў некалі, што не верыць у знікненне Віктара Ганчара)
Між тым, сапраўды ёсць не толькі маральныя, але і некаторыя фармальна-юрыдычныя падставы еўрапейцам пра нешта нагадаць. У свой час у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы была створаная камісія, якую ўзначаліў Хрыстас Пургурыдэс. Мемарандум Пургурыдэса «Зніклыя людзі ў Беларусі» 2004 году грунтуецца ў асноўным на вядомых паказаннях начальніка мінскага следчага ізалятара Алкаева і пісьме генерала міліцыі Лапаціка. Адна з рэкамендацыяў таго мемарандуму — «заклікаць дзяржавы Рады Еўропы і ў цэлым міжнародную супольнасць рабіць максімум палітычнага ціску на цяперашняе кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку праз санкцыі, да таго часу, пакуль не будзе праведзенае расследаванне, якое заслугоўвае даверу, адносна магчымай датычнасці высокапастаўленых чыноўнікаў да знікненняў альбо іх схавання».
Такое расследаванне не праведзенае. Праўда, некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі, згаданыя ў тым дакладзе, працуюць на новых пасадах альбо адпраўленыя на пенсію.
Пад трыбунал ніхто не ідзе
Мы часта заклікаем еўрапейцаў навесці ў нас парадак з правамі чалавека, апелюем да Еўрасаюзу, ускладаем надзеі на Гаагскі трыбунал. А што ж мы самі?
За мінулыя дзесяць гадоў мы бачылі «ланцугі неабыякавых людзей», пікеты ў памяць зніклых і ў падтрымку іх сваякоў. Беларускія апазіцыянеры шмат разоў узнімалі гэтую тэму на сустрэчах з заходнімі палітыкамі. Але ж ці былі ў Беларусі спробы стварыць, напрыклад, незалежны грамадскі трыбунал, суд або камісію? Хоць многія дэпутаты ВС 13?га склікання ад апазіцыі, былыя калегі і паплечнікі Ганчара, дагэтуль актыўна займаюцца палітыкай. А незалежным расследаваннем у гэтай справе працягваюць займацца толькі Алег Волчак і яшчэ некалькі энтузіястаў.
Праблема палягае ў тым, што пераважная частка беларускага грамадства нічога не ведае і не жадае ведаць пра лёс зніклых. Грамадства, пазбаўленае маральных прынцыпаў, усё ж такі пэўныя прынцыпы мае. Іх усяго чатыры: ніколі ні ў што не ўмешвацца, не выказваць салідарнасці, не спачуваць, нічога не ведаць.
Грамадства, вядома, складаецца не толькі з такіх людзей, інакш не было б і гісторыі. Калі?небудзь партрэты Ганчара, Завадскага, Захаранкі, Красоўскага як герояў свайго часу абавязкова будуць друкавацца на старонках падручнікаў і хрэстаматыяў. Побач з партрэтамі іх катаў. Каб памяталі.
Віталь Тарас
Наша Нiва
|