Адведзіны Ўльяны Захаранкі

8 мая 2009

Сёньня дэмакратычныя актывісты зь Менску й Гомеля наведалі ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну Ўльяну Захаранку, маці гвалтоўна зьніклага 10 гадоў таму былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.

Словы падтрымкі Ўльяне Рыгораўне выказалі Анатоль Лябедзька, Людміла Гразнова, Іна Кулей, Вольга Завадзкая, Зінаіда Шуміліна, Алег Воўчак, Уладзімер Кацора, былы таварыш па службе Юрыя Захаранкі Павел Грышын.

Анатоль Лябедзька: “Нягледзячы на тое, што ў афіцыйных газэтах, па радыё, тэлебачаньні ніхто не гаворыць пра Юрыя Захаранку — гэта нічога не азначае. Гэта не азначае, што ніхто ня памятае. Сёньня падвечар, а 18-й гадзіне, у розных гарадах, розных мястэчках выйдуць людзі з партрэтамі Юрыя Мікалаевіча. Можа, недзе выйдзе два чалавекі, недзе — дзесяць, недзе — сто чалавек. Людзі памятаюць! І самае галоўнае, што памяць будзе заставацца ў сэрцах і душах людзей. І праўда прыйдзе, праўда абавязкова будзе. Дзеля гэтага мы ўсе й жывём”.

Ульляна Захараўна з пляменьніцай Любай прыгатавала для гасьцей шмат вясковых пачастункаў. Маці зьніклага генэрала — выдатная гаспадыня. Яна шануе сяброўства й шчырасьць. У вайну, будучы непаўналетняй, Ульляна Рыгораўна зьведала выгнаньне ў Нямеччыну. Яе брат Васіль — Герой Савецкага Саюзу. Юры Захаранка ведаў дзядзьку і вельмі паважаў яго. Калі той заўчасна памёр ад франтавых ран, прылятаў на Палтаўшчыну разьвітацца зь ім.

Ульяна Захаранка паплечнікам і сябрам сына вельмі рада. Яна рана пахавала мужа. За год да зьнікненьня Юрыя памёр яе сын Уладзімер, былы падводнік. Адной цяжка:

“Вось паспрабуйце адной застацца. Я не галодная, ня голая й ня босая. Але ўсе гэтыя перажываньні — яны ж на сэрца даюць”.

Вольга Завадзкая, чый сын, апэратар расейскага тэлебачаньня Зьміцер Завадзкі, таксама прапаў бясьсьледна, у дзень зьнікненьня Юрыя Захаранкі амаль заўсёды прыяжджае ў Васілевічы да Ўльяны Рыгораўны:

“Я побач зь ёю адчуваю сябе лепей. Агульнае гора нас аб’ядноўвае. Прагутарым пра ўсё. Згадаем, як расьлі дзеці, і мы неяк супакойваемся ў душы”.

Праваабаронца й давераная асоба Вольгі Захаранкі, жонкі генэрала, Алег Воўчак распавёў, што сёлета ён кантактаваў з рабочай групай ААН па нядобраахвотных зьнікненьнях. З інфармацыі, пададзенай групе беларускімі сьледчымі, якія ўжо амаль дзесяць гадоў займаюцца дасьледаваньнем зьнікненьня генэрала Захаранкі, зрабілася вядома, што распрацоўваліся чатыры вэрсіі — эканамічная, карупцыйная, палітычная, асабістая:

“Яны запэўнілі рабочую групу ААН, што ўсімі сіламі праверылі й вышэйшых службовых асобаў, і спэцслужбы, якія нібыта не зьяўляюцца датычнымі да зьнікненьня. Такі вэрдыкт беларускія сьледчыя вынесьлі. Я лічу, што яны хітруюць. Мы з Вольгай Захаранкай у лютым накіравалі вялікую скаргу генпракурору Рыгору Васілевічу і папрасілі адказаць на некалькі пытаньняў. У тым ліку й на галоўнае: ці датычныя да зьнікненьня Лукашэнка, Шэйман, Сівакоў, Паўлічэнка, Ткачэнка, Васільчанка і ўсе астатнія — так ці не?”

Паводле спадара Воўчака, скаргу з генпракуратуры накіравалі ў Менскую гарадзкую пракуратуру, а адтуль паведамілі, што справа пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі дасьледуецца.