Акцыя салідарнасці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімерам Асіпенкам прайшла 16 траўня ля мінскага СІЗА №1, дзе яны зараз знаходзяцца, паведамляе сайт jeans-by.com
Актывісты "Еўрапейскай Беларусі" сталі з іх партрэтамі насупраць уваходу ў турму. Яны разгарнулі расцяжку "Свабоду Аўтуховічу!", узнялі нацыянальны сцяг і сцяг кампаніі.
Праз гучны мегафон Яўген Афнагель звярнуўся наўпрост да вязняў сумлення.
"Ведайце, што за Вас змагаюцца ўсе дэмакратычныя арганізацыі Беларусі. Ведайце, што пра Вашу галадоўку вядома не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. "Еўрапейская Беларусь" ганарыцца Вамі, Уладзімер Асіпенка, Юрый Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч!" — адзначыў ён.
Удзельнікі пікету таксама гучна скандавалі "Свабоду палітвязням!" і "Жыве Беларусь!"
Нягледзячы на тое, што лозунгі і прамову было добра чуваць нават на праспекце Незалежнасці, толькі праз 15 хвілінаў пасля пачатку акцыі да месца яе правядзення прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Яны папярэдзілі маладых людзей аб адказнасці, але нікога затрымліваць не сталі.
|