Пазоў Красоўскіх: новы тэрмін для адказу

13.09.2009

Камітэт па правах чалавека ААН вызначыў Рэспубліцы Беларусь канчатковы тэрмін – 15 лістапада 2009 году – для падрыхтоўкі адказу паводле пазову сям’і зьніклага Анатоля Красоўскага.

Пазоў быў пададзены ў Камітэт па правах чалавека ААН 16 лістапада 2008 г., тэрмін адказу быў першапачаткова прызначаны на 16 траўня 2009 году. Аднак місія Беларусі пры ААН запатрабавала прадставіць ёй копію пазову і дадатковых дакумэнтаў на расейскай мове (арыгінал напісаны па-ангельску), і тэрмін быў скасаваны.

Пазоў Красоўскіх складаецца са ста пунктаў і мае дадатак у выглядзе 26 дакумэнтаў аб’ёмам больш як у тысячу старонак.

Нагадаем, што бізнэсовец Анатоль Красоўскі зьнік 16 верасьня 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром. Ірына і Валерыя Красоўскія патрабуюць ад Рэспублікі Беларусь неадкладна дапытаць падазраваных у зьнікненьні Анатоля Красоўскага, якія былі названыя ў адмысловым мэмарандуме дэпутата Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдыса, правесьці адкрытае расьследваньне зьнікненьня Анатоля Красоўскага, указаць месца яго пахаваньня, кампэнсаваць ахвярам гвалтоўнага зьнікненьня Анатоля Красоўскага маральныя і матэрыяльныя страты.