|    12 верасьня каля будынку ААН у Нью-Ёрку сябрамі Беларускага Моладзевага руху Амэрыкі была зладжана акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. 
                    8 верасьня адзначалася гадавіна буйнейшай Беларускай вайсковай перамогі сярэднявечча— Аршанскай бітвы. Атрыманая нашымі гераічнымі продкамі ў 1514-м годзе над большым чым удвая войскам маскоўскім перамога дазволіла тады абараніць нашу краіну ад нападкаў расейцаў на некалькі дзесяцігодзьдзяў. І вось праз 495 гадоў пасьля перамогі, 9 верасьня 2009 году першыя эшалёны расейскіх войскаў ўвайшлі ў Беларусь. Прычым зроблена гэта было з прамой дапамогай і з дазволу ўзурпаваўшага ўладу гэтак званага прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі: салдаты расейскай арміі ў колькасьці 6-ці тысяч прымуць удзел у вайсковых вучэньнях "Захад-2009", якія пройдуць на тэрыторыі нашай незалежнай Беларусі.  
                    Афіцыйная мэта вучэньняў — абарона гэтак званай саюзнай дзяржавы ад зьнешняй пагрозы. Праўда, калі ў складзе войскаў прысутнічаюць падразьдзяленьні дэсантнікаў, то ўзьнікае пытаньне, а ці пра абарону думаюць ініцыятары гэтых вучэньняў, бо дэсант прызначаны як раз дзеля абыходу фартыфікацыйных абарончых збудаваньняў суперніка... 
                    12 верасьня беларуская моладзь Нью-Ёрку і ваколіцаў пад бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сьцягамі выказала свой пратэст чарговаму антыканстытуцыйнаму рашэньню Лукашэнкі ды агрэсыўнай палітыцы Расеі ў дачыненьні да нашай краіны. 
                    Увод замежных войскаў на тэрыторыю Беларусі — гэта парушэньне Канстытуцыі Нашай Краіны. Бо яна абавязвае ўлады краіны захоўваць нэйтралітэт, не ўступаючы ў аніякія вайсковыя блёкі. Дазвол жа на ўвод чужых войскаў на Беларускую Зямлю - чарговая зьнявага Беларускага народу апошнім эўрапейскім дыктатарам. 
                    Брутальна разогнаная ў цэнтры Менску мірная акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў спецпадразьдзяленьнямі міліцыі і КДБ - факт, які ярка сьведчыць пра амаральнасьць цяперашніх вышэйшых афіцыйных уладаў Беларусі і дэманструе жахлівасьць кіруючага рэжыму краіны — па сваёй сутнасьці антыбеларускага. 
                    А халопскае і халуйскае падпарадкаваньне антыканстытуцыйным загадам — гэта ганьба для беларускага афіцэра. Бо ён абавязаны бараніць СВОЙ НАРОД І ЛЮДЗЕЙ НАШАЙ БЕЛАРУСІ! 
                    Людзі Беларусі з вялізнай насьцярогай ды асуджэньнем сустрэлі навіны пра ўваход расейскіх войскаў на Нашу Зямлю. Моладзь, якая сабралася на акцыі каля будынку ААН у Нью-Ёрку, разам з тысячамі Беларусаў асудзіла рашэньне ўладаў краіны дазволіць усходняму суседу ў вайсковых ботах і са стрэльбай увайсьці ў Нашу Хату — чыстую і сьветлую краіну, ветлівыя, разумныя ды шчырыя людзі якой за стагодзьдзі гісторыі нацярпелася ад захопнікаў-чужаземцаў столькі, як бадай ніводзін іншы народ. 
                    Ганьба расейскім уладам! Расея, рукі прэч ад Беларусі! 
                    Ганьба Лукашэнку! Ганьба антыбеларускаму рэжыму! 
                    16 верасьня спаўняецца дзесяць год з моманту зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Праведзенае на пачатку дзесяцігодзьдзя незалежнае дасьледваньне прадэманстравала датычнасьць найвышэйшых асобраў ва ўладзе краіны да забойства вядомых палітыка і бізнэсмэна. Але і на сёняшні дзень злачынцы працягваюць займаць вышэйшыя пасады ў краіне, афіцыйнае дасьлядваньне праваахоўчымі органамі Беларусі па сутнасьці не вядзецца, а актывісты апазыцыі за распаўсюджваньне інфармацыі аб забойствах перасьледуюцца спецслужбамі. Пры гэтым, з сумам вымушаны канстытаваць, што эўрапейскія палітыкі робяць крокі насустрач антыбеларускаму злачыннаму рэжыму. 
                    Беларуская моладзь Амэрыкі напрыканцы акцыі ўшанавала памяць забітых Беларусаў і выказала падтрымку сваім сябрам на Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратызацыю краіны. Толькі разам мы зможам выправіць сытуацыю на нашай Радзіме! 
                      
                    www.belmov.org 
  
                      
                                          |