У Вашынгтоне ўзгадваюць зьніклых у Беларусі

15 сентября 2009

Сёньня ў Вашынгтоне выступае менскі “Свабодны тэатар”. 15 верасьня адбудзецца амэрыканская прэм’ера спэктакля “Пакаленьне Jeans”.

16-га верасьня, у 10-ю гадавіну зьнікненьня апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, амэрыканскаму гледачу будзе прадстаўлена п’еса “Спасьцігаючы каханьне”, заснаваная на рэальнай гісторыі Ірыны Красоўскай і падобных гісторый жанчын Азіі і Лацінскай Амэрыкі.

“Свабоднаму тэатру” даюць лепшыя тэатральныя пляцоўкі ў краінах Эўропы і ЗША, а ў сябе на радзіме спэктаклі адбываюцца ў сапраўдным падпольлі – кватэрах, барах, клюбах. Дырэктар “Свабоднага тэатру” Натальля Каляда кажа:

“Мы былі на сымпозіюме ў Ірляндыі, і там паўстала пытаньне: што такое грамадзкае месца? Я сказала, што ў Беларусі – гэта наш тэатар, які знаходзіцца ў падпольлі. Заля ўстала і пачала пляскаць у далоні. Яны сказалі: “Гэта сапраўды неверагодна, але гэта зьяўляецца рэчаіснасьцю, рэаліямі ў вашай краіне, і мы гэта разумеем”.

У Вашынгтоне спэктаклі пройдуць на сцэне Цэнтру выканаўчых мастацтваў Дэвіса. П'еса “Спасьцігаючы каханьне” – гэта сапраўдная гісторыя, што распавяла жанчына, у якой выкралі і забілі мужа. Ірына Красоўская ўзгадвае:

“Не было зьвестак пра мужа, не было працы, былі праблемы зь бізнэсам, не было настрою, была проста дэпрэсія. І вось аднойчы Натальля Каляда і Мікалай Халезін прыйшлі да мяне і сказалі: “Нельга быць у дэпрэсіі, трэба нейкім чынам выходзіць. Давай, мы паспрабуем разабрацца, што адбылося, што ты адчуваеш, давай, пачнём з твайго дзяцінства. І мы сядзелі многія вечары разам і проста размаўлялі пра маё жыцьцё. І нашы размовы пазьней выліліся ў п'есу. Я, дарэчы, доўга ня ведала, што яны напісалі гэту п'есу, і для мяне гэта было сюрпрызам”.

Ірына Красоўская доўга не пагаджалася паглядзець спэктакль. Летась у галяндзкім Ротэрдаме была вялікая акцыя, якая дала пачатак кампаніі “Тэатралы супраць гвалтоўных зьнікненьняў”, і ёй давялося застацца ў залі, дзе паказалі п'есу:

“Было вельмі балюча, што гэта сапраўды было маё жыцьцё. Я лавіла сябе на думцы, што я ня ў п'есе, а я далёка ад гэтай п'есы: я ўзгадваю сваю бабулю, пачатак дарослага жыцьця з мужам, нашу працу – якраз усё тое, што было апісана ў гэтай п'есе. І гэта было вельмі цяжка, нібыта ты перажываеш сваю трагедыю па-новаму”.

За спэктакль “Спасьцігаючы каханьне” “Свабодны тэатар” быў уганараваны прэміяй Францускай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека. А Ірына Красоўская, заснавала грамадзянскую ініцыятыву “Мы памятаем”, якая інфармуе міжнародную супольнасьць аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі. Пасьля прэм'еры 16 верасьня ў Вашынгтоне Ірына, якая цяпер жыве ў ЗША, ладзіць прыём у памяць аб зьніклых у Беларусі.