|   Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen зрабіла 16 верасьня заяву ў сувязі з 10-годзьдзем зьнікненьня ў Беларусі апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі. 
             “Сёньня, роўна дзесяць гадоў таму, былі выкрадзены і забіты ў беларускай сталіцы Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Афіцыйна вінаватых у злачынстве дагэтуль не знайшлі, але незалежныя дасьледаваньні паказваюць: вельмі верагодна, што адказнасьць кладзецца на людзей у атачэньні прэзыдэнта Лукашэнкі”, гаворыцца ў заяве. 
            Сьвет павінен памятаць ахвяраў жудасных злачынстваў і патрабуе сур’ёзнага крымінальнага расьсьледаваньня, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасьці, заявіў старшыня Östgruppen Марцін Угла. 
            Паводле Östgruppen, “гаворка ідзе пра палітычныя забойствы, у якіх падазраeцца дзеючы рэжым. А таму, пакуль сур’ёзнае і аб’ектыўнае крымінальнае расьсьледаваньне не праведзена, пытаньне ня можа быць зьнята з парадку дня”.  
             
          Радыё Свабода                |