Пратэст ля будынку ААН супраць выкраданьняў людзей у Беларусі

07.12.2009

6 сьнежня ля цэнтральнага офісу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый адбыўся пікет супраць парушэньня правоў грамадзянаў Беларусі – паведамляе прэс-служба Беларускага моладзевага руху Амэрыкі.
Удзельнікі пікету нагадалі, што цягам апошніх тыдняў у Беларусі адбылося некалькі падзеяў, «якія прымусілі ў чарговы раз зьвярнуць увагу на парушэньне правоў грамадзян Беларусі». Сярод такіх падзеяў называліся: сьмерць у Мар'інай Горцы пры нявысьветленых абставінах распаўсюдніка незалежнай прэсы Валянціна Доўнара, адлічэньне з БДУ Тацяны Шапуцькі, асуджэньне ў Менску ўдзельнікаў пэрформансу Ягора Баброва, Паўла Пракаповіча, Андрэя Кузьмінскага і Насты Машчавай, выкраданьне моладзевых актывістаў Зьмітра Дашкевіча, Яўгена Афнагеля, Артура Фінькевіча, ціск на заснавальнікаў БХД ды іншыя факты перасьледу за перакананьні.

Больш за 40 удзельнікаў пікету каля ААН выказалі словы падтрымкі людзям, якія на Беларусі змагаюцца за дэмакратызацыю краіны. Скончылася мерапрыемства ў Нью-Ёрку сьпяваньнем беларускіх гімнаў "Пагоня" і "Магутны Божа".