Супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў павінны ўсвядоміць, што яны здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці, і па гэтых злачынствах няма тэрміну даўнасці.
7 снежня ў Менску прайшла пашыраная нарада актывістаў дэмакратычных сілаў, на якой было прынятае рашэнне распачаць інфармацыйную кампанію, прысвечаную выкраданням людзей у Беларусі, паведамляе БелаПАН.
У паседжанні ўдзельнічалі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, лідэры руху «За Свабоду» Віктар Карняенка і Юры Губарэвіч, лідэр моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч, адказны сакратар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, адзін з лідэраў руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
Тэмай нарады стала сітуацыя з нядаўнім выкраданнем лідэраў моладзевых дэмакратычных рухаў. На працягу тыдня ў Менску невядомымі былі выкрадзеныя Зміцер Дашкевіч, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Лемеш, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч. Сёлета падобнае адбылося таксама з актывістамі «Маладога Фронту» Настай Палажанкай і Дзянісам Карновым. Невядомыя вывозілі апазіцыянераў на машынах за межы Менска і кідалі ў бязлюдных месцах.
Як паведаміў Бандарэнка, на яго думку, гэта можна расцэньваць як катаванне і пагрозу забойства. «Гэта фактычна імітацыя пакарання смерцю. Гэта ўжо не жарты. На гэта абавязкова трэба рэагаваць, і рэагаваць не толькі заявамі, але і больш сур'ёзна», — сказаў Бандарэнка.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» прапанаваў лідэрам партыяў і рухаў паведаміць пра гэтыя факты сваім еўрапейскім партнёрам, каб тыя на ўзроўні Еўразвяза запатрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць падобную практыку. «Мілінкевіч павінен зрабіць гэта па сваіх каналах, Партыя БНФ — па сваіх, «Малады фронт» — па сваіх, «Еўрапейская Беларусь» — па сваіх. Трэба распачаць масіраваны ціск на ўлады, таму што так далей працягвацца не можа», — лічыць Бандарэнка.
Акрамя гэтага, ён прапанаваў звярнуцца ў Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк з патрабаваннем, каб любая фінансавая дапамога Беларусі была заблакаваная да таго часу, пакуль прадстаўнікі апазіцыі не атрымаюць гарантыі таго, што ў дачыненні да іх не будзе ўжывацца практыка выкраданняў. «Гэтыя структуры павінны ведаць, на што ідуць іх грошы, якія вылучаюцца Беларусі. Гэтыя грошы ідуць на падтрымку спецслужбаў, якія займаюцца выкраданнем людзей», — адзначыў Бандарэнка.
Таксама палітык заклікаў прысутных правесці традыцыйную акцыю салідарнасці 16 снежня пад лозунгамі «Спыніць тэрор!» і «Выкрадальнікаў людзей — у Гаагу!». «Супрацоўнікі спецслужбаў павінны ўсвядоміць, што яны здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці, і па гэтых злачынствах няма тэрміну даўнасці», — заявіў Бандарэнка.
Гэтыя прапановы былі падтрыманыя ўдзельнікамі паседжання. |