16 снежня, 18:00, Кастрычніцкая плошча: акцыя супраць выкраданняў

11.12.2009

З заклікам выйсці 16 снежня, у 18:00 на Кастрычніцкую плошчу Менска звярнуліся да беларусаў моладзевыя лідэры, якія выкрадаліся па палітычных матывах у 2009 годзе — адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, лідэры «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка і актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Лемеш. Iх зварот змешчаны на сайце jeans-by.com.

Сябры!

16 чысла кожнага месяца, у Дзень Салідарнасці, мы праводзілі акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў, узгадвалі зніклых палітыкаў і ўсіх людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў у нашай краіне. Гэта праблема застаецца актуальнай і зараз. У турме па надуманым абвінавачванні знаходзяцца Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка, Арцём Дубскі. Да гэтага часу не праведзенае незалежнае расследванне знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Працягваюцца рэпрэсіі супраць актывістаў апазіцыі.

На жаль, мы бачым, што замест гэтак званай «лібералізацыі», рэжым перайшоў да больш нахабнага ціску на незалежнае грамадства. Бандыцкія выкраданні людзей, якія адбываліся апошнім часам — сведчанне таго, што спецслужбы Беларусі удасканальваюць і ўзмацняюць свае рэпрэсіі. Відавочна, што ў мэтах самазахавання беларускі рэжым не спыніцца ні перад чым.

Калі зараз не будзе адпаведнай рэакцыі праваахоўных органаў, праваабаронцаў, міжнароднай супольнасці і, у першую чаргу, беларускага грамадства, тыя, хто стаіць за выкраданнямі людзей, застануцца ўпэўненымі ў сваёй беспакаранасці.

Сёння нам як ніколі неабходна праявіць цвёрдасць і рашучасць у адстойванні сваіх прынцыпаў! Еднасць у абароне людзей, каторыя змагаючыся за свабоду і справядлівасць церпяць пераслед. Нам неабходная салідарнасць — тая адзіная сіла, якая можа спыніць беззаконне і злачынства на нашай зямлі!

Мы заклікаем усіх неабыякавых людзей выйсці 16 снежня ў 18.00 на Кастрычніцкую плошчу на традыцыйную акцыю салідарнасці пад лозунгамі: «Не – палітычным выкраданням!» і «Выкрадальнікаў людзей – у Гаагу!»

Наста Палажанка, «Малады Фронт»
Яўген Афнагель, «Еўрапейская Беларусь»
Зміцер Дашкевіч, «Малады Фронт»
Уладзімер Лемеш, «Еўрапейская Беларусь»