|   20 снежня актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі акцыю памяці сябра моладзевага руху «Зубр» Андрэя Зайцава, які ў 2001 годзе пад ціскам КДБ скончыў жыццё самагубствам. 
Партрэт Андрэя, свечкі і кветкі былі ўскладзены ў цэнтры Менску каля касцёла святога Іосіфа, які ўжо стаў адным з сімвалаў беларускай салідарнасці. 
                    20 снежня 2001 года Андрэй Зайцаў, які быў гомельскім актывістам руху «Зубр», скончыў жыццё самагубствам. Яму было 24 гады. Прычынай яго смерці родныя, сябры і праваабаронцы называюць моцны ціск на хлопца з боку супрацоўнікаў КДБ. Незадоўга да смерці, Андрэй перадаў заяву ў Беларускі Хельсінскі камітэт пра абставіны яго вярбоўкі і аўдыёкасету з запісам яго тэлефоннай размовы з супрацоўнікам КДБ, дзе «гэбіст» абразліва зневажае і шантажуе Андрэя. Пры гэтым, каб прымусіць Зайцава стаць інфарматарам, яму пагражалі крымінальным пераследам і пераследам яго сяброў і сваякоў. За некалькі дней да смерці Зайцаў быў збіты невядомымі. 
                    Звароты сваякоў і праваабаронцаў у пракуратуру з патрабаваннем правесці расследванне не далі ніякага выніку. па факту давядзення да самагубства нават не была распачатая крымінальная справа. 
                    «Андрэй Зайцаў — спраўдны герой Беларусі. Ён змагаўся за свабоду сваёй краіны і абраў смерць, а не здраду,» — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі. 
                  Нагадаем, што давядзенне Андрэя Зайцава да самагубства — не адзіны такі выпадак. У сакавіку 2009 года скончыла жыццё самагубствам салігорская праваабаронца Яна Палякова. 
                    
                  europeanbelarus.org                      |