|   Еўрадэпутаты заклікаюць вызваліць палітвязняў, адмовіцца ад кантролю за інтэрнэтам і зарэгістраваць партыю Беларуская Хрысціянская дэмакратыя. 
            У 13:20 па мінскім часе абсалютная большасць дэпутатаў Еўрапейскага парламента прагаласавала за праект рэзалюцыі па Беларусі, узгоднены пяццю палітычнымі групамі Еўрапарламента. 
            У рэзалюцыі еўрадэпутаты выражаюць вялікую занепакоенасць нядаўнімі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі супраць актывістаў грамадзянскай супольнасці, у асаблівасці Саюза палякаў, і выказваюць салідарнасць з беларусамі, чые грамадзянскія правы парушаюцца. 
            Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады гарантаваць свабоду выказвання і аб'яднанняў, зарэгістраваць партыю Беларуская Хрысціянская дэмакратыя, забяспечыць належныя ўмовы дзейнасці для недзяржаўных арганізацый і незалежных СМІ. 
            Дэпутаты таксама заклікаюць вызваліць палітычнага актывіста Андрэя Бандарэнку, вязняў сумлення Івана Міхайлава і Арцёма Дубскага, зняць абмежавальныя захады супраць Тацяны Шапуцькі і адмовіцца ад кантролю за інтэрнэтам. 
            Еўрапарламент падкрэслівае, што Беларусь можа атрымаць максімальныя выгоды ад Еўрапейскага партнёрства ў тым выпадку, калі адбудуцца рэальныя змены ў забеспячэнні асноўных свабодаў, дэмакратыі, вяршэнства права і пашаны правоў чалавека, у асаблівасці правоў нацыянальных меншасцяў. 
            Да таго ж, пры прагрэсе ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека Беларусь будзе мець шэраг іншых выгодаў: фінансавыя інструменты Еўрасаюза, аднаўленне ў Агульнай сістэме прэферэнцый, ратыфікацыя Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве, атрыманне наступнага транша крэдыту ад МВФ. 
            Асобным пунктам рэзалюцыя адзначае, што далейшыя парушэнні правоў чалавека і вяршэнства права ў Беларусі могуць прывесці да перагляду пазіцыі ЕС, уключна з прыняццем санкцый. 
              
            Андрэй Елісееў 
          Еўрапейскае радыё для Беларусi    |