Дзярждэпартамэнт ЗША наконт правоў чалавека ў Беларусі

11.03.2010

Сёньня дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце. Вельмі крытычныя ацэнкі ўтрымлівае разьдзел, прысьвечаны стану правоў чалавека ў Беларусі.

Прапануем вашай увазе прэамбулу беларускага разьдзелу зь невялікімі скарачэньнямі:

З моманту свайго абраньня прэзыдэнтам у 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка канцэнтраваў у сваіх руках уладу над усімі дзяржаўнымі ўстановамі і падрываў прынцып вяршэнства закону з дапамогай аўтарытарных сродкаў, маніпуляваньня выбарамі і адвольных дэкрэтаў. Апошнія прэзыдэнцкія выбары не былі свабоднымі і справядлівымі, парлямэнцкія выбары ў верасьні 2008 году не адпавядалі міжнародным стандартам. Хоць цывільныя ўлады ў цэлым эфэктыўна кантралююць сілы бясьпекі, прадстаўнікі гэтых сілаў працягвалі рабіць шматлікія парушэньні правоў чалавека.

Сытуацыя з правамі чалавека заставалася вельмі кепскай, паколькі ўлады працягвалі рабіць частыя сур'ёзныя парушэньні гэтых правоў. Права грамадзянаў на зьмену ўлады строга абмежаванае. Улады не расьсьледавалі ранейшыя палітычна матываваныя зьнікненьні людзей. Умовы ўтрыманьня ў турмах заставаліся на вельмі нізкім узроўні і працягвалася жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі і затрыманымі. Адвольныя арышты, затрыманьні і пазбаўленьне волі грамадзян паводле палітычных матываў за крытыку службовых асобаў альбо за ўдзел у дэманстрацыях таксама працягваліся. Судовая сыстэма заставалася пазбаўленай незалежнасьці, вынікі судовых выракаў звычайна былі перадвызначаныя, многія судовыя пасяджэньні праходзілі за зачыненымі дзьвярыма.

Улады таксама абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку свабоду прэсы, слова, сходаў, асацыяцый і рэлігіі, і па-ранейшаму захоўваўся палітычна матываваны прызыў у войска лідэраў апазыцыйнай моладзі.

Улады канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы ў актывістаў грамадзянскай супольнасьці і абмяжоўвалі распаўсюд накладаў незалежных СМІ. Службы бясьпекі выкарыстоўвалі празьмерную сілу для разгону мірных дэманстрацыяў. Карупцыя працягвала заставацца праблемай. Няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі зазнавалі ціск, штрафы і судовы перасьлед.

Рэлігійныя дзеячы былі аштрафаваныя і дэпартаваныя за адпраўленьне службаў, таксама цэрквы працягвалі сутыкацца з перасьледам з боку ўладаў. Гандаль людзьмі заставаўся сур'ёзнай праблемай, хоць і быў дасягнуты некаторы прагрэс у барацьбе зь ім. Мела месца дыскрымінацыя ў дачыненьні да цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў, а таксама супраць тых, хто карыстаецца беларускай мовы. Улады перасьледавалі незалежныя прафсаюзы і звальнялі іх сябраў, што ў значнай ступені адбівалася на здольнасьці працоўных ствараць і ўступаць у незалежныя прафсаюзы і арганізоўваць і весьці калектыўныя перамовы з працадаўцамі.

Справаздача Дзярждэпартамэнту, сярод розных фактаў парушэньня правоў у Беларусі за мінулы год, адзначае:

— выкраданьне апазыцыйных актывістаў Артура Фінкевіча, Уладзіміра Лемеша, Зьміцера Дашкевіча і Яўгена Афнагеля агентамі спэцслужбаў па-цывільнаму і вываз іх па-за Менск;

— разгоны і зьбіцьці дэманстрантаў на Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых 16 лютага і 16 ліпеня ды разгон дэманстрацыі супраць расейска-беларускіх вайсковых манэўраў 9 верасьня;

— затрыманьні і арышты без захаваньня законнай працэдуры, уключна з арыштамі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзімера Асіпенкі;

— парушэньні працэсуальнай працэдуры, уключна з вынясеньнем пакараньняў in absentia;

— праслухоўваньне тэлефонных размоваў актывістаў апазыцыі;

— выкарыстоўваньне адбываньня абавязковай вайсковай службы як меры стрыманьня супраць апазыцыянэраў;

— судовы перасьлед асобаў, якія адмаўляюцца служыць у арміі па рэлігійных або сьветапоглядных прычынах і дамагаюцца альтэрнатыўнай службы;

— адмову распаўсюду незалежных пэрыядычных выданьняў празь дзяржаўную сетку кіёскаў Белсаюздруку і падпіску празь Белпошту;

— адмову рэгістрацыі незалежных выданьняў;

— адлічэньні студэнтаў за грамадзка-палітычную актыўнасьць;

— абмежаваньне свабоды сходаў і згуртаваньня;

— дыскрымінацыю людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай;

— абмежаваньне свабоды рэлігійнага жыцьця для "нетрадыцыйных" веравызнаньняў;

— дыскрымінацыю актывістаў незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі;

— дыскрымінацыю незалежнага прафсаюзнага руху.