Прадстаўнікі каля дзесяці нацыянальнасцяў намалявалі для беларусаў і беларускіх уладаў дзве вялікія паштоўкі каля брамы Варшаўскага ўніверсітэту. «Еўропа не кусаецца», — пераконвалі беларускіх чыноўнікаў віншавальнікі. Паліцыянты, што назіралі за акцыяй, таксама слалі вітанні.
Замест адной абяцанай паштоўкі памерам 2,5 на 3 метры каля брамы з’явіліся 2 вялікія планшэты, на якіх кожны ахвотны мог напісаць свае віншаванні і пажаданні. Такім чынам арганізатары хацелі паказаць салідарнасць іншых народаў з беларусамі, якія 25 сакавіка выйдуць на вуліцы Мінска ды іншых гарадоў, каб адзначыць Дзень незалежнасці БНР. Менавіта да гэтых людзей і скіраваная першая паштоўка. А вось другая прызначаная для пасланняў беларускім уладам. Яе адна з арганізатарак акцыі беларуска Вікторыя Хакімава паабяцала перадаць у Беларускую амбасаду ў Варшаве.
Вікторыя Хакімава: «Ініцыятыва «Вольная Беларусь» хоча павіншаваць беларусаў, усіх людзей, якія цікавяцца гісторыяй, культурай і грамадскім жыццём Беларусі, з Днём волі — сапраўдным Днём незалежнасці Беларусі. Мы хочам сказаць, што палякі і ўвесь свет салідарныя з вамі, мы памятаем, які сёння дзень. І мы радыя, што робім гэта ў Польшчы, краіне, якая заўсёды падтрымлівае сваіх сяброў-беларусаў».
Паглядзець на паштоўку для беларусаў прыйшоў і прадстаўнік Беларускай амбасады ў Варшаве, праўда ад афіцыйных каментароў адмовіўся. Затое падзякаваў за віншаванні з Днём волі ад журналістаў Белсата.
За некалькіх гадзін маляванне святочных паштовак пераўтварылася ў сапраўдную міжнародную акцыю, да якой далучаліся турысты і студэнты з Паўночнай Карэі, Швецыі, Казахстана, Украіны і беларусы, якія жывуць у Варшаве.
Такім чынам на планшэтах з’явіліся віншаванні на розных мовах свету, малюнкі і нават іерогліфы. Да віншаванняў далучыліся і польскія паліцыянты, якія назіралі за хэпэнінгам з службовага аўтамабіля.
Паліцыянты: «Мы перадаем прывітанне беларусам і жадаем толькі самых светлых дзён!»
Праўда, фатаграфавацца і далучыцца да малявання яны адмовіліся, маўляў: «Прабачце, мы на службе».
Ганна Балаховіч
Еўрапейскае радыё
|