|   10 траўня амбасада Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе краіну-старшыню   Еўразвяза, распаўсюдзіла заяву. 
                    У заяве кажацца, што судовае разбіральніцтва па   справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Міхаіла   Казлова было адзначанае «сур'ёзнымі працэдурнымі парушэннямі» і   «можа разглядацца ў якасці палітычна матываванага». 
                    Засноўваючыся на назіраннях дыпламатаў краінаў ЕЗ, а   таксама беларускіх праваабаронцаў, брытанская дыпмісія выказала   «асаблівую занепакоенасць» заявамі, зробленымі ў судзе сведкамі   абвінавачвання, пра тое, што іх паказанні «былі атрыманыя пад фізічным і   псіхалагічным ціскам». 
                    «Прымаючы да ўвагі папярэдні актыўны ўдзел   Аўтуховіча ў абароне правоў прадпрымальнікаў і ветэранаў вайны ў   Афганістане, а таксама яго публічныя заявы пра меркаваныя выпадкі   карупцыі, гэты працэс можа разглядацца ў якасці палітычна матываванага»,   — адзначае прадстаўнік старшыні ЕЗ. 
                    Раней у інтэрв'ю БелаПАН у прэс-службе вярхоўнага   прадстаўніка Еўразвяза па знешніх сувязях Кэтрын Эштан заявілі: «ЕЗ   мяркуе, што актыўная пазіцыя Мікалая Аўтуховіча магла адбіцца на яго   прысудзе». 
                    Нагадаем, што 6 траўня Вярхоўны суд абвясціў   прысуды па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Аўтуховіч прысуджаны да   пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму,   Асіпенка — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму,   яшчэ дваіх абвінавачваных — былога працаўніка фірмы Аўтуховіча   Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова — адпаведна да   трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў   пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права   займаць кіраўнічыя пасады. 
                  Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і   захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у   захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ён   ведаў пра знаходжанне на тэрыторыі школы-ліцэя № 1 Гародні гранатамёта,   але не паведаміў пра гэта.  |