Пазіцыя ЗША ў дачыненні да Беларусі можа змяніцца толькі пасля дэмакратычных пераўтварэнняў. Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў па выніках паездкі ў гэтую краіну.
У Вашынгтоне ў Андрэя Саннікава адбыліся сустрэчы з першай намесніцай памочніка дзяржсакратара, былой амбасадаркай ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт, намеснікам памочніка дзяржсакратара Дэнам Расэлам, супрацоўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента, якія адказваюць за стасункі з Беларуссю, паведамляе Хартыя`97.
Як адзначыў Саннікаў, «важна было абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі і стаўленне да іх з боку ЗША. Падчас сустрэчаў афіцыйныя прадстаўнікі ЗША пацвердзілі сваю пазіцыю па Беларусі адзначыўшы, што ніякіх пазітыўных зменаў яны не адзначаюць. Таму, Штаты не гатовыя абмяркоўваць з лукашэнкаўскім рэжымам пытанні пашырэння супрацоўніцтва. Толькі пасля пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі ЗША могуць змяніць свае падыходы ў двухбаковых стасунках».
— Дарэчы, высветлілася, што ніякага візіту ў ЗША кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Макея не было. Гэта была вутка, відаць, запушчаная ўладамі, — адзначыў Саннікаў.
З кіраўніцтвам Нацыянальнага Дэмакратычнага Інстытута (NDI), Нямецкага Фонду Маршала ЗША (GMF), кіраўніцтвам Атлантычнай рады ЗША, а таксама Міжнароднага фонду жанчынаў у СМІ, праваабаронцамі, прадстаўнікамі НУА, журналістамі, беларускай дыяспарай абмяркоўвалася палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежнай журналістыкі, нядаўнія выпадкі гвалту і крымінальных справаў супраць журналістаў і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў.
— Для ЗША пытанні правоў чалавека — не пусты гук. Як вядома, прэзідэнт Абама нядаўна падпісаў закон аб абароне журналістаў. На ўсіх сустрэчах амерыканцы выказвалі сваю салідарнасць і падтрымку беларускім журналістам і барацьбітам за свабоду, — сказаў Андрэй Саннікаў.
На фота: Першая намесніца памочніка дзяржсакратара Карэн Сцюарт (другая злева) з лідэрам грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірынай Красоўскай, Андрэем Саннікавым і яго жонкай Ірынай Халіп |