Cёння ў інтэрв’ю Радыё BBС лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што тэма скрадзеных і забітых апанентаў беларускага рэжыму – “гэта бадай што адзінае пытанне, па якому не можа быць кампрамісу з беларускімі ўладамі. І да таго часу, пакуль тыя, хто замаўляў гэтыя злачынствы, арганізоўваў і выконваў іх, не панеслі пакаранне, гэтая тэма заўсёды будзе актуальная”.
Тлумачачы, чаму падчас выбарчых кампаній пытанне палітычных знікненняў набывае дадатковую цікавасць, Анатоль Лябедзька паведаміў, што “любая выбарчая кампанія – гэта дадатковыя мажлівасці інфармавання насельніцтва. Таму лагічна, што у гэты час тэма атрымоўвае найбольшы розгалас. І гэта важна, бо далёка не ўсе грамадзяне Беларусі ведаюць пра тое, што было здзейснена ў Беларусі”.
Гаворачы пра перспектыву разгляду гэтага пытання ў Радзе Бяспекі ААН, Анатоль Лябедзька яшчэ раз адзначыў, што “для нас будзе пэўнай перамогай, калі пытанне будзе пастаўлена ў парадак дня. Хаця прыняцця нейкіх пазітыўных рашэнняў складана чакаць, калі сёння Кітай у многім выконвае нядаўнюю функцыю Расійскай федэрацыі – адваката Лукашэнкі ў міжнародных структурах".
Прэс-служба АГП |