З’явілася кніга пра дзейнасць вашынгтонскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) — найбуйнейшай арганізацыі нашых землякоў у Злучаных Штатах, паведамляе Наша нiва.
Нагадаем, што БАЗА было створана ў 1949 г. Аддзел у Вашынгтоне (размова пра сталіцу ЗША, а не штат на заходнім узбярэжжы) быў заснаваны ў 1979 г. (старшыня — Алеся Кіпель). Тры гады таму, 16 верасня 2007 г. яго дзейнасць была рэактывізавана.
Сёння аддзел — гэта, у сваёй большасці, прадстаўнікі новай хвалі эміграцыі. Актыўны ўдзел у дзейнасці арганізацыі, апроч яе старшыні дачкі паваенных эмігрантаў Алесі Кіпель, бралі і бяруць Вячаслаў Бортнік, Яраслаў Крывой, Ірына Красоўская, Дзмітры Зялёнка, Алеся Сёмуха, Вольга Чарныш.
Пра сваю дзейнасць у Вашынгтоне — сустрэчы з федэральнымі чыноўнікамі, пікеты, у тым ліку на Дзень Салідарнасці, удзелам у розных фестывалях — яны выбралі досыць незвычайную форму падачы інфармацыі.
Гэта не кніга ў класічным яе выглядзе: калі многа тэксту і вобмаль здымкаў.
Тут уся кніга (34 старонкі) малога фармату складаецца з каля 50 фотаздымкаў з подпісамі, што зафіксавалі дзейнасць вашынгтонскага аддзела з верасня 2007 г.
Змешчаныя таксама фотаадбіткі з газетных артыкулаў, у якіх распавядаецца пра дзейнасць аддзела, а таксама падаюцца кароткія біяграфічныя звесткі пра сяброў аддзела.
На тых фотаздымках мы, апроч «вашынгтонцаў», бачым Вітаўта Кіпеля і Івонку Сурвіллу, Вячку Станкевіча і Алу Орсу-Рамана, Янку і Надзю Запруднікаў, а таксама былога амбасадара ў Беларусі Джорджа Крола ў майцы з бел-чырвона-белым надпісам «Беларусь» і на фоне бел-чырвона-белага сцяга, сённяшняга міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага.
Ды гасцей з Беларусі: Аляксандра Мілінкевіча, Дзмітрыя Бандарэнку, Таццяну Процьку, Яраслава Раманчука, Аляксея Марачкіна.
Вельмі даступна ў кнізе тлумачыцца — найперш для англамоўнага чытача — пра мэты аддзела. А на апошніх старонках даецца гістарычная даведка пра Беларусь. Для папулярызацыі сярод амерыканцаў ідэі Беларусі прыводзяцца фатаздымкі вядомых людзей, выхадцаў з Беларусі.
Кніга — выдатны прыклад як можна даходліва і ясна прапагандаваць Беларусь у вольным свеце.
Больш падрабязна азнаёміцца і наконт атрымання кнігі можна звярнуцца сюды, або напісаць на мэйл старшыні аддзела Алесі Кіпель, у тым ліку і каб далучыцца да дзейнасці аддзела: akipel@steptoe.com
|