Да расьсьледаваньня сьмерці Бябеніна далучацца экспэрты АБСЭ

20.09.2010

Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) задаволіла зварот беларускіх уладаў накіраваць у Менск экспэртаў-крыміналістаў для расьсьледаваньня прычынаў сьмерці журналіста, кіраўніка апазыцыйнага інтэрнэт-рэсурсу «Хартыя-97» Алега Бябеніна. Як паведаміў БелаПАН намесьнік кіраўніка Офіса АБСЭ ў Менску Жандос Асанаў, цяпер бакам неабходна абмеркаваць тэхнічныя дэталі.

Раней прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных сказаў журналістам, што заява ад імя беларускага боку пра гатоўнасьць запрасіць экспэртаў была зроблена 9 верасьня на пасяджэньні Пастаяннай рады АБСЭ ў Вене.

Рашэньне афіцыйнага Менску прыцягнуць экспэртаў-крыміналістаў з краінаў-сябраў АБСЭ для расьсьледаваньня прычын сьмерці апазыцыйнага журналіста вітаў Эўрапарлямэнт: «Гэты беспрэцэдэнтны крок беларускага ўраду дэманструе гатоўнасьць правесьці традыцыйнае для сучасных краін празрыстае і бесстароньняе расьсьледаваньне», — заявіў кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнта па сувязях з Беларусьсю Яцэк Пратасевіч.

Цела 36-гадовага Алега Бябеніна было знойдзенае ўвечары 3 верасьня ў ягоным дачным доме ў Дзяржынскім раёне. Экспэртыза выявіла, што прычынай сьмерці стала асфіксія ў выніку задушэньня пятлёй пры павешаньні. У Генпракуратуры заявілі, што ў першую чаргу разглядаецца вэрсія пра самагубства. Аднак сябры, сваякі і калегі Бябеніна сумняваюцца ў тым, што журналіст мог пайсьці з жыцьця добраахвотна. У Алега не было ніякіх матываў для самагубства, а афіцыйныя дакумэнты пра яго сьмерь утрымліваюць шэраг супярэчнасьцяў, якія прымушаюць сумнявацца ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня.