16 лістапада ў Менску адбылася грамадзка-палітычная акцыя з нагоды Дня салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітычнымі вязьнямі. Актывісты палітычных партый і моладзевых рухаў зладзілі «Ланцуг неабыякавых людзей» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, а таксама спрабавалі дайсьці да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Напачатку акцыі прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці — у пераважнай бальшыні актывісты моладзевых палітычных арганізацыяў — сталі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці. Яны трымалі ў руках партрэты Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, прадпрымальнікаў Андрэя Бандарэнкі і Мікалая Аўтуховіча. Гэтым разам на Кастрычніцкую плошчу таксама прыйшоў палітык і кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч:
«Я не патрапіў прыйсьці а 18-й гадзіне, але вырашыў усё ж прыйсьці хоць і са спазьненьнем. Тут ня дужа шмат людзей, але галоўнае, што акцыя трывае і падтрымліваецца цягам некалькіх год».
Незвычайнасьць Дню салідарнасьці 16 лістапада забясьпечыла блізкая пэрспэктыва прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. А характэрнай зьявай была прысутнасьць аўтазакаў за Палацам рэспублікі і вялікая колькасьць сілавікоў у цывільным, якія здымалі на відэа твары і прамовы ўдзельнікаў. Гэтыя ж людзі кінуліся спыняць удзельнікаў Дня салідарнасьці, якія скандавалі «Жыве Беларусь» і «Свабоду Аўтуховічу», рушыўшы да адміністрацыі прэзыдэнта:
Сілавікі ў цывільным перагарадзілі дарогу моладзі толькі каля будынку Купалаўскага тэатру. Яны пагражалі ўдзельнікам пакараньнем за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі. Усчалася валтузьня, але нікога з моладзі не затрымлівалі. Затым слова ўзяў Павал Севярынец:
«Вы бачыце, што гэтыя людзі ў цывільным, якія ня маюць ні найменшых прыкметаў формы супрацоўнікаў міліцыі, ні найменшых прыкметаў законнасьці ў словах і дзеяньнях, яны забараняюць нам хадзіць па горадзе Менску. Гэта паказвае, што пра лібэралізацыю ніякай гаворкі быць ня можа. Але 24 лістапада а 18-й гадзіне мы запрашаем на Кастрычніцкую плошчу на сустрэчу дэмакратычных кандыдатаў з выбарцамі. Запрашаем у гэты дзень у цэнтар Менску: нас будзе значна больш, і з намі будзе больш, чым зь імі».
Супрацоўнікі сілавых структур яшчэ доўга заставаліся ахоўваць тэрыторыю, а ўдзельнікі Дня салідарнасьці неўзабаве разышліся. Вось як пракамэнтаваў яго вынік адзін з удзельнікаў Анатоль Лябедзька:
«Я думаю, што прыйшоў час ісьці да прэзыдэнцкай адміністрацыі, каб гаварыць на тэму зьніклых. Бо ў гэтай краіне нічога не адбываецца без рашэньняў у чырвоным доме. Лукашэнка сказаў, што можа адчыніць дзьверы для міжнародных экспэртаў. Таму мы і нагадваем, што калі нашыя экспэрты, якія нас тут сёньня трымалі, ня здольныя расьсьледаваць справы зьніклых, то няхай прыяжджаюць замежныя».
На завяршэньне Дня салідарнасьці актывісты «Маладога фронту» пайшлі да касьцёла сьвятога Язэпа, каб памаліцца на ягоных прыступках.
Галіна Абакунчык, Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода |