|   Пракуратура спыняе «праверку» па факце смерці беларускага журналіста Алега Бябеніна. 
            Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду першы намеснік пракурора Менскай вобласці Мікалай Пілянкевіч. 
            «Будзе прынятае рашэнне аб спыненні праверкі і адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Бябеніна», — паведаміў Пілянкевіч. 
            Пры гэтым ён нагадаў, што на мінулым тыдні была апублікаваная справаздача экспертаў АБСЕ, якія працавалі ў Беларусі і пацвердзілі асноўную версію беларускай пракуратуры пра тое, што Бябенін нібыта здзейсніў самагубства. 
            Пракуратура два разы падаўжала тэрміны праверкі, апошні тэрмін праверкі быў падоўжаны да 3 снежня. 
            «Пасля змены ўлады мы абавязкова даведаемся праўду пра тое, як памёр беларускі журналіст Алег Бябенін. Крымінальная справа па трагічнай гібелі нашага сябра будзе абавязкова ўзбуджаная і яе будуць расследаваць лепшыя беларускія крыміналісты. Сам Лукашэнка прызнаўся, як і ў выпадку з фальсіфікацыяй выбараў, што ён меў да гэтай справы дачыненне. У інтэрв'ю польскім СМІ ён заявіў, што ведае, што смерць Бябеніна носіць крымінальны характар. Пасля такой заявы супрацоўнікі пракуратуры абавязаныя былі дапытаць беларускага кіраўніка. Бог суддзя гэтым пракурорскім працаўнікам і ананімным экспертам АБСЕ», — заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. 
            Заснавальнік і кіраўнік сайта charter97.org Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце надыходу смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай цыдулкі. Сябры і калегі журналіста заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Алег Бябенін быў асноўным чальцом каманды апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. 
              
          Хартыя`97                |