|   Эўрапейскі парлямэнт 12 студзеня правядзе пазачарговае пасяджэньне па сытуацыі ў Беларусі. 
            "Важна, каб пасьля гвалту, які адбыўся ў Беларусі, мы працягнулі ціск на ўрад Лукашэнкі на вышэйшым узроўні", — цытуе старшыню Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка прэс-служба гэтай эўраструктуры. 
            Па словах Бузэка, Эўрапарлямэнт разгледзіць ход і наступствы прэзыдэнцкіх выбараў, у тым ліку празьмернае і непрапарцыйнае ўжываньне сілы беларускімі ўладамі, зьбіцьцё і затрыманьне апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, гвалт у дачыненьні да журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці. 
            "Таксама мы абмяркуем магчымасьць далейшых рэакцый з боку Эўразьвязу", адзначыў Бузэк. 
            Пытаньне пра магчымыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі будзе ўключанае ў парадак дня пасяджэньня, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Эўрапарлямэнту. 
            Рашэньне правесьці пазачарговае сумеснае пасяджэньне па сытуацыі ў Беларусі было прынята па выніках кансультацый Бузэка з кіраўнікамі шэрагу парлямэнцкіх камітэтаў і дэлегацый. У пасяджэньні возьмуць удзел прадстаўнікі камітэту Эўрапарлямэнту па замежных справах, падкамітэту па правах чалавека, дэлегацый Эўрапарлямэнту па сувязях з "Эўранэст" і Беларусьсю. 
            Акрамя таго, Эўрапарлямэнт плянуе запрасіць на паседжаньне шэраг лідэраў беларускай апазыцыі. 
            Бузэк заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітычных зьняволеных і спыніць гвалт. 
             
              Радыё Свабода  
            
                           |