На слуханнях па Беларусі еўрадэпутаты апранулі бел-чырвона-белыя шалікі

12.01.2011

Старшыня Еўрапарламента заклікаў Беларусь неадкладна выпусціць усіх палітвязняў, а ўсе еўрапейскія інстытуты перагледзіць адносіны з нашай краінай. Еўрадэпутаты заклікалі ЕС увесці "прыцэльныя" санкцыі, а Кэтрын Эштан выказала Мартынаву "ўсё, што яна думае” (ОНЛАЙН са слуханняў у Бруселі, ад Еўрарадыё).

17:05 “Падзеі ў Беларусі выклікалі нечаканую салідарнасць еўрапейскіх палітыкаў

Палітыка пугі і перніка прайграная, лічаць еўрапейскія парламентарыі.

Старшыня камітэту па замежных справах літоўскага Парламента Эмануэліс Зінгеріс кажа, што яшчэ не бачыў такую хвалю салідарнасці сярод еўрапейскіх палітыкаў.

Зінгеріс: “Тое, што адбываецца, прымусіць еўрапейскіх палітыкаў прыняць новыя метады. Цярпенне лопнула. Я не думаю, што сённяшняя дэманстрацыя ўсіх партый была эмацыйным выбухам, які хутка скончыцца”.

Літоўскі дэпутат дадае, што шмат пытанняў выклікае сёння Расія. Для некаторых еўрапейскіх палітыкаў незразумела, як Расія ўдзельнічала, ці не ўдзельнічала ў беларускіх падзеях.

16:58 Еўрапарламентарыі ў выніковым заключэнні асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі

Еўрапарламентарыі прынялі супольнае заключэнне па выніках дыскусіі, якая адбылася сёння ў межах паседжання камітэта па замежных справах Еўрапарламента ў Брусэлі.

У дакуменце асуджаюцца рэпрэсіі ў адносінах да мірных дэманстрантаў 19 снежня ў Мінску, а таксама арышты і затрыманні ў Беларусі. Еўрапарламентарыі заклікаюць ЕС перагледзець стасункі з Беларуссю.

У прыватнасці, прапанавана працягнуць візавыя санкцыі ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў да вызвалення палітычных зняволеных. Пры гэтым знізіць кошт віз для звычайных грамадзянаў Беларусі.

Апроч таго, прапанавана перагледзець парламенцкія адносіны з Беларуссю ў межах Парламенцкай асамблеі "Усходняга партнёрства" (Еўранест).

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк падчас дыскусіі падкрэсліў: ЕС мусіць загаварыць адзіным голасам і патрабаваць вызвалення беларускіх палітвязняў. "Варта памятаць словы Евы Някляевай пра тое, што ў нас ёсць ключы ад турмы, дзе знаходзіцца яе бацька", — сказаў ён.

Сярод прапановаў, вартых увагі, кіраўнік Еўрапарламента адзначыў заклік да правядзення паўторных выбараў.

Бузэк, у сваю чаргу, прапанаваў выключыць Беларусь з міжнародным спартовых мерапрыемстваў — такіх як Алімпіяда і Кубак свету.

Ён таксама прапанаваў адправіць у Беларусь місію, каб расследаваць падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі, і абмеркаваць беларускую сітуацыю на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу 24-28 студзеня.

Палітычнае рашэнне Еўрасаюза наконт санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў мусіць быць прынятае 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных справаў краін ЕС, піша БелаПАН.

15:56 Эштан — Мартынаву: Еўрасаюз рыхтуе захады ў адказ

Еўрасаюз рыхтуе захады ў адказ у адносінах да беларускіх уладаў у сувязі з "масавымі арыштамі і пераследам прадстаўнікоў грамадскай супольнасці ў перыяд пасля выбараў".

Пра гэта заявіла сёння вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан падчас сустрэчы ў Брусэлі з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым.

"Высокі прадстаўнік нагадала міністру Мартынаву, што ЕС разглядае адпаведныя захады ў адказ на поствыбарныя падзеі з тым, каб ўхваліць іх на Савеце замежных справаў 31 студзеня 2011 года", — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы Эштан.

Эштан заклікала да "неадкладнага вызвалення асобаў, затрыманых па палітычных матывах, і да неадкладнага спынення пераследу апазіцыі, дэмакратычных сіл і прадстаўнікоў грамадскай супольнасці".

15:39 Еўрапарламентарыі заклікалі Еўрасаюз увесці "прыцэльныя" санкцыі

Еўрасаюз павінен увесці "прыцэльныя, гранічна адрасныя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва". Такі асноўны лейтматыў паседжання камітэта Еўрапарламента па замежных справах і падкамітэта па правах чалавека, якое адбываецца цяпер у Бруселі, паведамляе ИТАР-ТАСС.

З найбольш вострай прамовай выступіў польскі еўрадэпутат Яцэк Сарыуш Вольскі.

"Мы злоўленыя паміж адсутнасцю зацікаўленасці новай адміністрацыі ЗША, пасіўнасцю Еўрасаюза і рашучасцю Расіі ўзнавіць свой уплыў у Беларусі", — заявіў ён.

Вольскі заклікаў не толькі да ўводу санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, але і да прыняцця праграмы інтэграцыі Беларусі ў Еўропу, "хай нават яна зойме дзесяцігоддзі".

"Нашым партнёрам мусяць быць не беларускія ўлады, а грамадская супольнасць, простыя людзі. Іх паварот у бок Еўропы стане самымі страшнымі санкцыямі для ўсіх адказных за цяперашнія злачынствы ў Беларусі", — падкрэсліў ён.

Сарыуш-Вольскі заклікаў ізноў забараніць уезд беларускім чыноўнікам у краіны ЕС і замарозіць усе іх фінансавыя актывы ў Еўропе.

Пераважная большасць дэпутатаў выступіла за аказанне Еўрасаюзам шырокай падтрымкі прадстаўнікам няўрадавых арганізацый, дэмакратычнай апазіцыі і прадстаўнікам незалежных СМІ Беларусі.

15:24 Еўрадэпутаты выказаліся за далейшую падтрымку ЕГУ

На слуханнях Еўрапарламента па Беларусі шэраг еўрадэпутатаў прапанавалі большую падтрымку беларускім студэнтам праз удзел у еўрапейскіх праграмах, а таксама фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які знаходзіцца ў Вільні.

Еўрадэпутат ад Літвы Лайма Люцыя Андрыкіене: “Я атрымала сігнал SOS ад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які знаходзіцца ў Вільні, аб магчымых праблемах з фінансаваннем на гэты год і наступныя...”

У заключным слове да дэбатаў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк асобна сказаў пра неабходнасць працягваць падтрымку ЕГУ.

15:13 Былы прэм'ер-міністр Даніі заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі

Прэм'ер-міністр Даніі ў 1993 – 2001 і цяперашні лідар Партыі еўрапейскіх сацыялістаў Пол Расмусэн ад імя сваёй партыі зрабіў спецыяльны па падзеях у Беларусі.

Пол Расмусэн: “Я ўражаны дзеяннямі беларускіх уладаў. Рэпрэсіі, распачатыя Лукашэнкам, выліліся ў недапушчальны гвалт і арышты, уключна з затрыманнямі шэрагу апазіцыйных лідараў і кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама лідара прафсаюза РУП “БЗТДіА” Міхаіла Кавалькова”.

Пол Расмусэн заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць зняволеных, спыніць рэпрэсіі супраць сваіх грамадзянаў і праводзіць рэальныя дэмакратычныя рэформы ў краіне. У сваім звароце дацкі палітык таксама адзначае, што ЕС мусіць разгледзець магчымасць аднаўлення санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і тых, хто мае дачыненне да ўчыненага гвалту супраць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі 19 снежня.

15:12 Ігнатавічус: Прысутнасць АБСЕ ў Беларусі зараз важная як ніколі

"Літва вітае любыя крокі, накіраваныя на станоўчае рашэнне як сітуацыі з закрыццём офіса АБСЕ ў Мінску, гэтак і з вырашэннем сітуацыі ў цэлым", — заявіў сёння на дыскусіі па Беларусі ў Еўрапарламенце намміністра замежных справаў Літвы Эвалдас Ігнатавічус.

"Прысутнасць АБСЕ ў Беларусі зараз важная як ніколі", — падкрэсліў ён.

"Мой міністр тэлефанаваў Мартынаву 31 снежня, намагаючыся дамовіцца, каб офіс не закрывалі, але нічога не выйшла. Літва як старшыня АБСЕ будзе выкарыстоўваць час, які застаўся да 31 сакавіка, каб весці перамовы і вырашыць гэтую сітуацыю. 31 сакавіка офіс мусіць цалкам завяршыць усе свае тэхнічныя праграмы і спыніць працу".

14:27 Штэфан Фюле: Мы бярэм паўзу па Часовым прамежкавым плане для Беларусі

Важна хутка і прапарцыйна адказаць беларускім уладам, але ў той самы час не ізаляваць грамадзян Беларусі. Павінны працаваць эфектыўныя каналы падтрымкі недзяржаўных арганізацый, СМІ і выключаных студэнтаў, заявіў еўракамісар па пытаннях еўрапейскай палітыкі добрасуседства.

На слуханнях па Беларусі, арганізаваных Камісіяй Еўрапарламента па замежных справах, еўракамісар па пытаннях еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле выклаў погляд Еўракамісіі на сітуацыю.

Штэфан Фюле: “Адносна Часовага прамежкавага плана, падрыхтаваным Еўракамісіяй для Беларусі, мы бярэм паўзу на блізкую будучыню, але не адмаўляючыся ад яго на зусім. Мусяць быць праведзеныя кансультацыі з грамадзянскай супольнасцю з тым, каб мажліва ўнесці ў яго праўкі. Неабходна, каб грамадзяне Беларусі ведалі поўную карціну прапановаў з боку Еўрасаюза”.

Важна хутка і прапарцыйна адказаць беларускім уладам, але ў той самы час не ізаляваць грамадзян Беларус – мусяць працаваць эфектыўныя каналы падтрымкі недзяржаўных арганізацый, СМІ і выключаных студэнтаў, заявіў Штэфан Фюле. Ён не выключыў вяртанне візавых санкцый да Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў на бліжэйшым паседжанні міністраў замежных спраў Еўрасаюза.

Па словах камісара, падзеі 19 снежня і пазней сталі глыбокім шокам. “Цяжка паверыць, што дзясяткам грамадзян, уключна з некаторымі кандыдатамі ў прэзідэнты, абвінавачанні пагражаюць зняволеннем да 15 гадоў”, – заявіў Штэфан Фюле. Паводле еўракамісара, рэагаваць Еўрасаюзу трэба вельмі хутка. На сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Штэфан Фюле паведаміў, што ЕС чакае неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных і спынення пераследу дэмакратычных сіл, дадаў еўрачыноўнік.

14:11 Мілінкевіч заклікаў ЕС праводзіць двухузроўневую палітыку

На слуханнях у Еўрапарламенце па Беларусі Алякснадр Мілінкевіч прадставіў свой погляд на сітуацыю ў Беларусі і патрэбныя дзеянні ЕС.

Аляксандр Мілінкевіч: "Еўрасаюз мусіць праводзіць двухузроўневую палітыку. З аднаго боку, жорсткі ціск на беларускія ўлады праз палітычныя, дыпламатычныя і эканамічныя метады. Галоўнае пытанне — безумоўнае вызваленне палітычных зняволеных, хто зараз праходзіць па новай крымінальнай справе, а таксама Аўтуховіча. З іншага боку, такі ціск не мусіць прывесці да ізаляцыі краіны... Для простых беларусаў дзверы Еўропы мусяць быць адчыненыя. У тым ліку, праз праграмы для тых, каго выганяюць з універсітэтаў, падтрымка грамадзянскай супольнасці і СМІ, спрашчэнне візавай палітыкі ЕС".

Мілінкевіч таксама заявіў, што меркаванне беларускай апазіцыі адзінае: выбары былі сфальсіфікаваныя, Лукашэнка не набраў і 50%, і мусіў быць другі тур.

На думку палітыка, неадэкватна жорсткія дзеянні беларускіх уладаў сталі адказам на тое, што палітычны рэжым стаў заўважна губляць сваю падтрымку ў грамадстве і пратэстныя настроі ў ім павялічыліся.

13:54 Ева Някляева ў Еўрапарламенце: У вас ключы ад турмы майго бацькі

На слуханнях у Еўрапарламенце Ева Някляева, дачка кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева, папрасіла ЕС належным чынам націснуць на беларускія ўлады для вызвалення вязняў сумлення.

Ева Някляева: "Улады займаюцца тэрорам. Штодня — арышты і ператрусы, допыты ў КДБ, часам з фізічным гвалтам. Сітуацыя з кожным днём толькі пагаршаецца. Мы баімся за здароўе людзей, што знаходзяцца ў турме... Еўрасаюз мусіць зрабіць жорсткія канкрэтныя крокі ў дачыненні да беларускіх уладаў. У вас ключы ад турмы, дзе знаходзіцца мой бацька. Ад вас будзе залежаць вызваленне яго і іншых зняволеных".

Ева Някляева нагадала, што ў канцы снежня ва Уладзіміра Някляева ў ізалятары КДБ сур'ёзна пагоршылася здароўе. З таго часу няма інфармацыі пра стан яго здароўя, а таксама большасці іншых вязняў у ізалятары.

13:42 Мілінкевіч: Патрэбныя канкрэтныя і жорсткія санкцыі ў дачыненні да ўлады

Апошнія падзеі ў Беларусі закранулі беларускіх грамадзян, а асабліва палітыкаў. Падчас выбараў улада зразумела, што яна нашмат слабейшая, чым уяўляла раней. Большасць не падтрымала ўладу на выбарах. З такой заявай Аляксандр Мілінкевіч выступіў сёння ў Еўрапарламенце.

“Улада выкарыстала правакацыі, каб пачаць надзвычай жорсткую барацьбу супраць апазіцыі. Цяпер 31 чалавек знаходзіцца ў КДБ. Пасля суда ім могуць даць да 15 год турмы. У турме таксама пабывалі 700 маладзёнаў, амаль усе яны студэнты.

У нас трэба падзяляць людзей на дзве часткі: таталітарная ўлада, якая здзяйсняе рэпрэсіі і насельніцтва ў 10 мільёнаў беларусаў. Для беларусаў варта быць адкрытымі. Тое, што тычыцца лібералізацыі візавага рэжыму. Для нас візы каштуюць амаль у два разы больш, чым для расіян, кошт трэба зменшыць. Ёсць незалежныя СМІ, якія працуюць у цяжкіх умовах, іх трэба падтрымліваць. Трэба арганізоўваць абмен паміж студэнтамі. Усё гэта прадэманструе, што Еўропа адкрыта для беларусаў.

Цяпер патрэбныя канкрэтныя, дакладныя, жорсткія санкцыі ў дачыненні да ўлады. Што можна зрабіць? Гэта дыпламатычныя, палітычныя, часам эканамічныя санкцыі. Але тут трэба разумець, што эканамічныя санкцыі могуць закрануць звычайных людзей. Тут трэба быць уважлівымі.

Трэба пашырыць ліст з імёнамі чыноўнікаў, забараніць ім ўезд у Еўропу. Цяпер у гэтым лісце 40 асобаў. Трэба пашырыць. Гэта маральна кранае людзей, якія працуюць ва ўладзе. Таксама трэба зрабіць усё мажлівае, каб не кантактаваць з беларускай уладай на ўзроўні міністраў, каб прадэманстраваць, што Еўропа не адступіць ад стандартаў, і не зменіць маральным нормам”.

12:42 Ежы Бузэк: Усе еўрапейскія інстытуты павінны перагледзець адносіны з Беларуссю

Еўрасаюз чакае ад Беларусі неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў. Пра гэта ў Бруселі на сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі заявіў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк.

“Мы чакалі Вас ад 19 снежня. Мы добра ведаем, што нам трэба змяніць нашу палітыку ў дачыненні да Беларусі. Усе, хто цяпер тут прысутнічае, насамрэч з’яўляюцца пераможцамі ў апошніх выбарах.

Мы звяртаемся да іх па парады, якім чынам Еўрапейскаму Саюзу трэба дзейнічаць адносна цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. Па-першае, мы чакаем неадкладнага поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў. Іншых варыянтаў, калі нехта хоча якіх-небудзь адносінаў з намі, няма.

Па-другое, трэба аказаць належную медыцынскую дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу, пасля тых падзей, што мелі месца пасля 19 снежня. Мы таксама чакаем, што ўсе еўрапейскія інстытуты перагледзяць падставы нашых адносін з Рэспублікай Беларусь.

Пасля 19 снежня змянілася вельмі шмат, і нашы адносіны таксама павінныя змяніцца.

У некаторых краінах Еўрасаюза быў падобны да беларускага досвед. У маёй роднай краіне ўсё пачалося з “Салідарнасці”. Ваенны стан толькі адклаў непазбежнае. Я ўпэўнены, што таксама здарыцца і ў Беларусі. Я ўпэўнены, што ў выніку пераможа беларускі народ. Хутка надыдзе час свабоды і дэмакратыі.

Я хацеў бы запэўніць беларускі народ у нашай наймацнейшай з ім салідарнасці”.

На сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрасаюза былі Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч, прадстаўнік штаба Андрэя Саннікава Віктар Івашкевіч, прадстаўнік Віталя Рымашэўскага Дзяніс Садоўскі, Сяргей Калякін і дачка Уладзіміра Някляева Ева. Па яе словах, Брусель заняў жорсткую пазіцыю ў дачыненні да падзеяў у Беларусі.

11:55 ЕС: Беларусь чакаюць вельмі жорсткія санкцыі

Пра гэта Вярхоўны прадстаўнiк ЕС па знешняй палiтыцы Кэтрын Эштан, а таксама старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк заявілі на сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычных колаў Беларусі.

 

Еўрарадыё