14 студзеня ў Празе прайшла акцыя з патрабаваньнем вызваліць беларускіх палітзьняволеных і спыніць хвалю рэпрэсіяў. На Вацлаўскай плошчы ў цэнтры чэскай сталіцы сабраліся больш за сотню людзей, было шмат бел-чырвона-белых сьцягоў.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары расказвалі пра апошнія падзеі ў Беларусі, таксама выступалі чэскія дысыдэнты. На вялікім экране паказалі фільм пра пасьлявыбарчыя падзеі.
Людзі падпісвалі пэтыцыю да чэскіх уладаў, з заклікам патрабаваць вызваленьня беларускіх палітвязьняў, ўвесьці бясплатныя візы для беларусаў, і дапамагаць грамадзянскай супольнасьці і незалежным мэдыям Беларусі.
Адна з удзельніц акцыі, Кацярына, трымала на вышываным ручніку хлеб і ваду. Яна, як і некаторыя іншыя людзі, мела прымацаваны партрэт Мікалая Статкевіча з надпісам "Не памірай!". Людзі тлумачылі, што такім чынам хочуць прыцягнуць увагу да становішча кандыдата ў прэзыдэнты, які амаль месяц трымае ў зьняволеньні галадоўку.
Галоўны лёзунг сёньняшняй акцыі быў напісаны па-чэску на 6-мэтровым палотнішчы — "Эўропа, не даруй менскую кроў!"
Алена Ціхановіч
Радыё Свабода
|