Перад пасольствам Беларусі ў Лондане чыталі вершы Някляева
Акцыя салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі і дэмакратычнай апазіцыяй прайшла 16 студзеня перад амбасадай Беларусі ў Лондане. Арганізатарамі выступілі прадстаўнікі беларускай дыяспары — члены Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі і Англа-Беларускага таварыства. Акцыя сабрала больш за 50 чалавек.
Удзельнікі пікета звярнуліся да ўладаў Беларусі з патрабаваннем неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, спыніць кампанію запалохвання і тэрору супраць грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў мірных пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, і незалежных СМІ. Акрамя гэтага, удзельнікі акцыі запатрабавалі правесці новыя дэмакратычныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары без удзела Аляксандра Лукашэнкі. «Гэты чалавек не мае юрыдычнага і маральнага права балатавацца на пасаду прэзідэнта», заявілі ўдзельнікі пікета.
На пікеце выступіў а. Аляксандар Надсан, вядомы грамадскі і рэлігійны дзеяч, духоўны лідар беларускай эміграцыі. Прамовіла сястра палітвязня Андрэя Саннікава.
Удзельнікі пікета раскрытыкавалі нядаўні прэс-рэліз пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі, у якім распавядаецца пра нібыта камфортныя ўмовы ўтрымання вязняў у СІЗО КДБ і пра нібыта магчымасць доступа сваякоў і адвакатаў да вязняў. Быў зачытаны спіс абвінавачаных па крымінальнай справе аб нібыта арганізацыі масавых беспарадкаў.
Акрамя гэтага, удзельнікі пікета ўшанавалі памяць людзей, якія зніклі або памерлі пры нявусветленых абставінах ў 90-я гг.: Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Генадзя Карпенкі, Анатоля Майсені. Акцыя «Салідарнасць-16» з патрабаваннем празрыстага расследвання тых трагічных падзеяў была распачатая журналістам Ірынай Халіп, якая цяпер знаходзіцца за кратамі.
Напрыканцы акцыі ўдзельнікі зачыталі некалькі вершаў паэта Ўладзіміра Някляева, паэта і былога кандыдата ў прэзідэнты, які цяпер таксама быў збіты і кінуты ў турму 19-га снежня.
«Беларуская ўлада павінна ведаць, што нішто не забыта і нішто не даравана. Рана ці позна ўсе адказныя за палітычныя рэпрэсіі і за забойства людзей будуць адказваць перад законам», заявілі ўдзельнікі акцыі.
Алесь Чайчыц
Наша ніва
|