«Мы выйшлі ў імя тых людзей, якія ахвяравалі сабой, каб сьвет пачаў паважаць Беларусь»

22 января 2011

Затрыманыя падчас «акцыі маўчаньня», якая адбылася 21 студзеня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы, былі выпушчаныя з пастарунку ўначы.

Паводле сайту spring96.org у Цэнтральны РУУС былі дастаўлены васьмёра чалавек. Гэта Ўладзімер Каракін (грамадзянін Украіны), Дзьмітрый Гайшун, Дзьмітрый Карамалікаў, Андрэй Абразцоў, Максім Гайкоў, Сяргей Недасейкін, Максім Вінярскі, Яраслаў Ліхачэўскі.

Паводле праваабаронцаў, частка зь іх, у тым ліку Максім Вінярскі, былі адпушчаныя на волю прыкладна апоўначы.

Амапаўцы, якія ўдзельнічалі ў затрыманьні на Кастрычніцкай плошчы, паводзілі сябе груба, абражалі і выкарыстоўвалі фізычную сілу. Праваабаронцы таксама адзначаюць, што палова затрыманых правяла ў больш за прадугледжаныя працэсуальна-выканаўчым кодэксам тры гадзіны.

21 студзеня падчас акцыі маўчаньня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску было затрымана каля васьмі чалавек. Сярод іх актывіст Макс Вінярскі. Яшчэ некалькі чалавек было затрымана у падземным пераходзе станцыі мэтро «Плошча Леніна».

Днём у Палацы рэспублікі адбылася чарговая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, а ў восем гадзінаў вечара на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалася акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі. Яе ўдзельнікі моўчкі падыходзілі на плошчу па адным, па двое, запальвалі зьнічы і ставілі іх у цэнтры плошчы. Запаленыя зьнічы — напамін пра падзеі, якія адбыліся 19 сьнежня, калі тысячы людзей былі зьбітыя за тое, што пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў. І гэта знак салідарнасьці са зьняволенымі. Актывіст Макс Вінярскі прынёс з сабой Канстытуцыю Беларусі:

«Грамадзянін Аляксандар Лукашэнка, паклаўшы руку на Канстытуцыю, а, магчыма, і ня толькі руку, як пісалі ў інтэрнэце, прынёс, прынамсі як ён лічыць, прысягу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Я прысягаю ніколі не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымным правіцелем гэтай краіны. У сваю чаргу я кладу руку на канстытуцыю, трымаю яе ў руцэ, і кажу, што я прысягаю ніколі не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку легітымным правіцелем гэтай краіны, ніколі не прызнаваць яго прэзыдэнтам. Прызнаваць яго толькі ўзурпатарам, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў сваіх руках».

Дзьве жанчыны запалілі сьвечкі на плошчы і сказалі, што прыйшлі ў знак салідарнасьці з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Яны сказалі, што не зьяўляюцца іх сябрамі ці сваякамі, а проста грамадзянкі краіны.

Спадарыня Вера: «Мы выйшлі ў імя тых людзей, якія ахвяравалі сабой, каб сьвет пачаў паважаць Беларусь. Някляеў, Саньнікаў, Міхалевіч, Статкевіч, Халіп і гэтак далей. Там каля 30 чалавек цяпер знаходзіцца. Натуральна, мы стала сочым за сытуацыяй, перажываем. І толькі спадзеў на сусьветную супольнасьць, што нам дапамогуць, на Эўразьвяз, што нам дапамогуць нешта зьмяніць. Самі мы тут, відаць, нічога ня зробім».

Акцыя на плошчы, нашпігаванай міліцыянтамі ў цывільным, працягвалася некалькі хвілінаў. Потым пад’ехаў аўтобус са спэцназам, куды закінулі некалькіх ўдзельнікаў акцыі разам з актывістам Максам Вінярскім. Таксама міліцыянты затрымалі Яраслава Ліхачэўскага, які заляпіў сабе рот скотчам. Ён прыйшоў на плошчу на мыліцах, яго нага была ў гіпсе.

Паводле прэс-сакратара менскай міліцыі Аляксандра Ластоўскага, на плошчы адбыўся несанкцыянаваны пікет. Ён ня выключыў, што ў пастарунку будуць устаноўленыя асобы затрыманых і, магчыма, яны будуць адпушчаныя або суд вызначыць ступень іх адказнасьці за несанкцыянаванае мерапрыемства.

 

Радыё Свабода