|   30 студзеня а 18-й гадзіне ля цэнтральнага ўваходу ў будынак КДБ у Менску адбылася несанкцыянаваная акцыя салідарнасьцім з палітычнымі вязьнямі. Да будынку КДБ выйшлі людзі з партрэтам Андрэя Саньнікава і надпісам "Свабоду Саньнікаву", а таксама з партрэтамі некаторых іншых зьняволеных, абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Міліцыя затрымала 7 чалавек. 
            19.00 Некаторы ўдзельнікі акцыі ад будынку КДБ скіраваліся да Чырвонага касьцёлу. Ля помніка "Арханёл Міхаіл перамагае злога" яны запалілі зьнічы і павязалі бел-чырвона-белую стужку. Прысутныя трымаюць у руках партрэты зьняволеных – Насты Палажанкі, Зьміцера Бародкі, Аляксандра Фядуты, Зьмітра Бандарэнкі, Эдуарда Лобава. 
            18:40  Акцыя перал будынкам КДБ скончылася. 
            18:30  Пад'ехаў аўтазак, пастаяў некалькі хвілінаў і ад'ехаў. На месцы засталіся ўдзельнікі акцыі і міліцыянты. Людзі пакрысе пачалі разыходзіцца. 
            18:00  Перад будынкам КДБ выйшлі людзі з партрэтам Андрэя Саньнікава і надпісам "Свабоду Саньнікаву", а таксама з партрэтамі некаторых іншых зьняволеных, абвінавачаных у масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Міліцыя затрымала 7 чалавек. 
            Сярод затрыманых: Максім Вінярскі, Паліна Кур'яновіч, Кацярына Людвіг, і, верагодна, жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, якая стаяла зь яго партрэтам.. Апэрацыяй кіруе палкоўнік Яўсееў. 
            Прыйшла маці аднаго зь вязьняў - Алена Ліхавід. Яе хацелі затрымаць, але людзі адбілі яе ў міліцыянтаў. Міліцыянты паводзяць сябе груба і папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная. 
            Міліцыянты перашкаджаюць спробам людзей запаліць сьвечкі, кажучы, што гэта трэба рабіць у царкве ці на могілках. Таксама на месца акцыі прыгналі трактар для чысткі вуліцы. Тым ня менш застаецца некалькі дзясяткаў чалавек.  
            У турме КДБ сярод іншых знаходзяцца: 
              Андрэй Саньнікаў, былы кандыдат на прэзыдэнта; 
              Мікола Статкевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта; 
              Аляксей Міхалевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта; 
              Зьміцер Бандарэнка; 
              Аляксандар Фядута; 
              Анатоль Лябедзька; 
              Сяргей Марцалеў; 
              Павал Севярынец; 
              Аляксандар Арастовіч; 
              Аляксандар Атрошчанкаў; 
              Наста Палажанка. 
            Мінулая акцыя салідарнасьці ля цэнтральнага будынку КДБ адбылася 19 студзеня. 
              
          Радыё Свабода  |