Насту Палажанку адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе

18 февраля 2011

Вечарам 17 лютага яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Актывістка «Маладога Фронту» правяла ў СІЗА КДБ амаль два месяцы — яе арыштавалі ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 году.

Цяпер Наста дома, з роднымі. Да яе адразу зляцеліся сябры павіншаваць, людзі вязуць ёй кветкі, цукеркі.

У інтэрв’ю радыё «Свабода» Наста сказала, што на волі яна хоча найперш даведацца, у якім стане яе сябры і арганізацыя: «Я нічога не ведаю, што адбывалася на свабодзе. Я маю вялікі інфармацыйны голад».

За ўвесь час знаходжання ў турме яна толькі некалькі разоў атрымала лісты ад свайго таты. Тата апублікаваў адкрыты ліст да Лукашэнкі ў газеце «Народная воля», у якім у рэзкай форме патрабаваў вызвалення дачкі.

Наста падкрэсліла, што не падпісвала ніякіх лістоў ці прашэнняў.