|   Два былыя дыктатары Аргентыны, якія ўжо адбываюць пакараньне за кратамі, ізноў сталі перад судом. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і кіраваньні выкраданьнем дзяцей палітычных вязьняў тры дзесяцігодзьдзі таму. 
             Хорхэ Відэла і Рэйнальда Біньёнэ абвінавачваюцца як найменей ў 34 канкрэтных выпадках, калі ў жанчынаў забіралі немаўлят у найбольшых у Аргентыне сакрэтных цэнтрах катаваньняў і зьняволеньня — на вайсковай базе Кампа дэ Маё і ў “Вайскова-марской школе мэханікаў” у Буэнас-Айрэсе, дзе ў часе дыктатуры тысячы чалавек трымалі ў зьняволеньні, катавалі і забівалі. 
             85-гадовы Відэла цяпер адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне, а 83-х гадовы Біньёнэ адбывае 25-гадовы тэрмін за іншыя злачынствы, якія яны ўчынілі ў часе дыктататарскага рэжыму 1976 – 1983 гг. Але цяперашні суд, які пачаўся ў гэты панядзелак, упершыню асьвятляе злачынствы экс-дыктатараў у выкраданьні дзяцей, піша “International Herald Tribune”. 
            Былым дыктатарам выстаўленыя абвінавачаньні ў плянах выкраданьня як найменей 400 немаўлят у дысыдэнтаў, якіх выкрадалі, катавалі і якія зьнікалі бязь вестак у часы кіраваньня хунты ў Аргентыне. 
            Маюцца зьвесткі з афіцыйных крыніцаў і паводле скаргаў сем’яў аб прыкладна 500 жанчынах, якія былі цяжарнымі перад тым, як яны зьніклі. На сёньняшні дзень, 102 чалавекі, народжаныя ад зьніклых дысыдэнтаў, і выкрадзеныя хунтай, высьветлілі сваё сапраўднае паходжаньне. 
              
          Радыё Свабода  |