Былы спецназавец з падраздзялення “Алмаз” Максім Малік адмаўляецца пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Ён фігураваў у адной з самых гучных крымінальных справаў апошняга дзесяцігоддзя – аб выкраданні тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага і іншых злачынствах так званай групоўкі былога афіцэру спецназу Валерыя Ігнатовіча.
Менавіта Малік і Ігнатовіч прызнаны судом вінаватымі ў выкраданні Завадскага і асуджаны да пажыццёвага зняволення. Аднак у прысудзе гаварылася і аб нейкіх, не ўстаноўленых следствам асобах, таксама датычных да выкрадання.
З Максімам Малікам мела сустрэчу ў калоніі гораду Глыбокага ягоная маці – Валянціна. У гэтую калонію ён быў пераведзены напрыканцы мінулага году з турмы горада Жодзіна.
Па словах Валянціны Малік, яна не верыла і не верыць у вінаватасць сына.
– Максім катэгарычна абмаўляецца пісаць пісьмо прэзідэнту аб памілаванні. Ён лічыць: чаму я павінен прасіць аб памілаванні, калі я не вінаваты. Наша сем'я ўсімі сіламі спрабуе настроіць сына на тое, што калі-небудзь сітуацыя зменіцца. Зменіцца яна да лепшага і ў рэшце-рэшт пераглядяць гэтую справу. Таму што хлопцы не вінаватыя – ні ў скраданні Завадскага, ні ў забойствах, якія ім панавешвалі. Зразумела, гэтыя забойствы ім напавешвалі для таго, каб асудзіць па Завадскаму.
Валянціна Малік таксама распавяла, што супрацоўнікі следства раней прапаноўвалі яе сыну вызваленне ў абмен на паказанні, што Валер Ігнатовіч датычны да выкрадання і забойства Дзмітрыя Завадскага. Следчыя планавалі, што Малік павінен быў заявіць, быццам са слоў Ігнатовіча ведае дакладнае месца пахавання забітага журналіста.
Па словах Валянціны Малік, яна так зразумела, што “яны яму скажуць, дзе паказаць” пахаваныя парэшткі журналіста. Такім чынам, у маці асуджанага склалася ўражанне, што следства дакладна ведала пра месца пахавання журналіста. Але Максім Малік адмовіўся ад гэтай прапановы.
Валер Ігнатовіч, па словах Валянціны Малік, працягвае знаходзіцца ў турме Жодзіна і мае вялікія праблемы са здароўем.
Генадзь Барбарыч
Радыё Рацыя
|