25 сакавіка адкрыўся знакаміты Брусэльскі Форум, які сабраў палітычную, эканамічную і інтэлектуальную эліту свету.
Усе апошнія гады Беларусь на гэтым форуме прадстаўлялі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і кіраўнік фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская. У гэтым годзе, як стала вядома сайту charter97.org, нашую краіну зноў прадстаўляла Ірына Красоўская, кіраўнікі Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда і Мікалай Халезін, а таксама... вядомы брытанскі рэжысёр Том Стопард.
З адсутнасці Андрэя Саннікава і пачаўся Брусэльскі форум. Арганізатары адразу ж абвясцілі, што сёння на форуме не могуць прысутнічаць людзі, якія заўсёды былі ягонай «візітнай карткай». Гэта прэзідэнт Нямецкага фонду Маршала Крэйг Кенэдзі і кіраўнік брусэльскага аддзялення Нямецкага фонду Маршала Рон Асмус, якія не змаглі прыехаць па стане здароўя, а таксама кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, які арыштаваны і знаходзіцца вось ужо 3 месяцы ў СІЗА КДБ.
Пасля з прамой трансляцыяй на тэлеканале BBC Word на Брусэльскім форуме прайшла дыскусія на тэму «Ці правалілася заходняя палітыка на Сярэднім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы?». У дыскусіі прымалі ўдзел Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешніх сувязях Кэтрын Эштан, сенатар Джын Шахін, якая ініцыявала слуханні па Беларусі ў Сенаце ЗША, і былы амбасадар Егіпта ў Амерыцы Набіл Фамі.
За дыскусіяй праз тэлеканал BBC Word сачыў увесь свет, і тады з аўдыторыі прагучала пытанне, зададзенае дырэктаркай Беларускага Свабоднага тэатра Наталляй Калядой: «Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка прадае зброю Лівіі, і Кадафі забівае мірнае насельніцтва і салдат Францыі і ЗША. Сам Лукашэнка сёння развязаў ў краіне масавыя рэпрэсіі ў Беларусі і арыштаваў лідэраў апазіцыі. Пара адказаць на пытанне: ці не правалілася палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі?».
У адказ Кэтрын Эштан і сенатар Джын Шахін заявілі, што яны працягваюць ціск на ўлады Беларусі і не спыняцца, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя.
На Брусэльскім Форуме выступіў таксама старшыня Еўрапейскай Рады Хенрык ван Рампей. Прэзідэнт Еўразвяза выказаў сваю салідарнасць і падтрымку ўсім, хто сёння змагаецца за свабоду Беларусі ў Дзень Волі.
Хартыя`97
На фота: Наталля Каляда, Ірына Багданава, Ірына Красоўская з Томам Стопардам (1), з міністрам замежных спраў Швэцыі Карлам Більдтам (2), з прадстаўніцай ЕЗ па знешніх сувязях Кэтрын Эштан (3)
|