Анатоль Лябедзька: За тры месяцы — ніводнага допыту

7 апреля 2011

Увечары 6 красавіка пад падпіску пра нявыезд вызвалены зь СІЗА КДБ Анатоль Лябедзька. Што лідэр АГП думае пра дзеяньні свайго калегі Яраслава Раманчука адразу пасьля выбараў? Ці пацьвярджае ён заявы Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў "амэрыканцы"? Гэтыя ды іншыя пытаньні былому вязьню задалі журналісты на першай прэсавай канфэрэнцыі Лябедзькі ў офісе АГП.

7 красавіка раніцай лідэр АГП Анатоль Лябедзька ўпершыню за апошнія чатыры месяцы сам правёў партыйную нараду. Акрамя актывістаў, у офіс партыі набілася шмат журналістаў. Анатоль Лябедзька зьявіўся перад імі ў новым абліччы: даўгія валасы ў стылі аматара року 70-х гадоў, энэргічныя жэсты, самаіронія. Спадар Лябедзька пацьвердзіў, што за тры месяцы ізалятара КДБ шмат прачытаў і перадумаў. Як у юнацтве, зноў пачаў пісаць вершы. "Слава Някляева не давала спакою", — пажартаваў апазыцыйны палітык. Яшчэ Лябедзька пісаў у вязьніцы апавяданьне і філязофскія нататкі, але ўсё гэта адабралі турэмшчыкі ўчора на выхадзе з "амэрыканкі". Умоўна знаходжаньне за кратамі Анатоль Лябедзька падзяліў на тры пэрыяды: сьнежань-студзень, калі ў СІЗА КДБ кіравалі людзі ў чорных масках. Гэта быў самы цяжкі пэрыяд. Люты, калі пачалася невялікая лібэралізацыя. І сакавік, калі сытуацыя нармалізавалася, але ня больш, чым уласьціва звычайнай савецкай турме:

"У нас уся пэнітэнцыярная сыстэма — савецкая, і "амэрыканка" — не выключэньне. Сыстэма цалкам скіраваная на тое, каб прынізіць чалавека. Калі рабіць зараз высновы пра гэта, то першае, што ў мяне ў галаве, — паспрабаваць зрабіць грамадзкую арганізацыю і празь яе пачаць рэальнае змаганьне за зьмену гэтай сыстэмы. Гэта трэба рабіць тэрмінова, бо сыстэма проста калечыць людзей. Там было ўсё. Трапіўшы ў гэтую сыстэму, ніводзін чалавек ня можа пачуваць сябе нармальна, і асабліва дрэнна людзям, якія да гэтага не падрыхтаваныя фізычна і маральна. І тут мне было значна лягчэй, чым іншым".

Анатоль Лябедзька прызнаў, што ў дачыненьні да яго ўжывалася грубае абыходжаньне і дзеяньні, якія можна лічыць катаваньнем. "Ставілі на "расьцяжку", рабілі выпрабаваньні холадам і сьвятлом. Але і чайком, як Міхалевіча, частавалі", — сказаў лідэр АГП.

Журналісты спыталіся ў Анатоля Лябедзькі пра яго стаўленьне да заявы былога кандыдата на прэзыдэнта Яраслава Раманчука па БТ, зробленай пасьля масавых затрыманьняў 19 сьнежня. Спадар Лябедзька адмовіўся ад камэнтару, спаслаўшыся на тое, што ня бачыў заявы і яму патрэбны час, каб разабрацца ў тым, што адбылося.

Што да судовых пэрспэктыў сваёй справы, іх Анатоль Лябедзька амаль ня бачыць, калі не лічыць эпізоду, дзе ён ударыў па камэры невядомага апэратара. "Адміністрацыйнае парушэньне, ня болей", — прызнае Анатоль Лябедзька. Між тым абвінавачаньне ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў палітыку пакінулі. Ён лічыць, бяздоказна:

"Можа, і суд наперадзе, але... Вось я гляджу ў перадапошнюю паперу, якую мне далі, калі пастанавілі, што працягваюць на 5 месяцаў маё знаходжаньне за кратамі. Бачу тут 18 прозьвішчаў. Але я зь іх 8 ня ведаю, што гэта за людзі. Між тым я зь імі нібыта ў папярэдняй змове. З 16-цю з гэтых 18-ці я ніяк не сутыкаўся для абмеркаваньня пытаньняў выбарчай кампаніі, але атрымліваецца, што я зь імі дамаўляўся... Ненармальная лёгіка, між тым такое ёсьць абвінавачаньне. Для суду гэта, можа, і доказ, але людзі ўсё ўбачаць. Дарэчы, сёньня буду абмяркоўваць з калегамі такую прапанову. Мы павінны ўладзе прапанаваць абмеркаваць адно прынцыповае пытаньне: нам патрэбна зьмяніць правілы правядзеньня выбарчых кампаній. Унесьці не касмэтычныя зьмены, а рэальныя, прынцыповыя. Якія дадуць мажлівасьць адэкватна адлюстраваць волю выбарцаў. Калі гэтага ня будзе зроблена, то навошта ўсё? Навошта браць удзел у выбарах, пасьля якіх цябе потым адрываюць ад сям'і, вымушаюць плакаць тваю маці, паралізуюць дзейнасьць нармальных структур, не баевікоў нейкіх, не тэрарыстаў? Трэба раз і назаўсёды гэта вырашыць".

Тое, што яго вызвалілі з КДБ, як і выстаўленьне некаторым удзельнікам падзей 19 сьнежня мякчэйшых абвінавачаньняў, Анатоль Лябедзька лічыць сыгналам рэжыму пра гатоўнасьць да торгу з Захадам. Між тым, паводле лідэра АГП, цяперашняму беларускаму рэжыму давяраць нельга, а пачаць кантакты зь ім можна толькі пры ўмове вызваленьня ўсіх палітвязьняў 19 сьнежня.