Арганізатарамі акцыі "Свабоду Беларусі” ў бэрлінскім Трэптаў-парку сталі сябры “Моладзі Эўрапейскай народнай партыі” (YEPP). У гэтыя дні ў Бэрліне адбыўся VIII Кангрэс гэтай арганізацыі, і сотні яго ўдзельнікаў адмыслова прыйшлі да будынку беларускай амбасады, каб выказаць свой пратэст супраць палітычных працэсаў па справе 19 сьнежня, якія праходзяць у Беларусі.
Паводле назіральнікаў, яны ня могуць прыпомніць больш масавай і маштабнай акцыі, прысьвечанай Беларусі, з тых, якія калі-небудзь праходзілі ў Нямеччыне.
Як заявіў адзін з арганізатараў мерапрыемства, кіраўнік нямецкай сэкцыі YEPP Філіп Місфэльдэр: "Моладзь Эўрапейскай народнай партыі”, якая прыйшла да амбасады зь імёнамі і партрэтамі незаконна арыштаваных крытыкаў беларускага рэжыму, патрабуе свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.”
“Гэтай дэманстрацыяй мы нагадваем, што не забываемся пра людзей у гэтай краіне і падтрымліваем апазыцыю ў барацьбе за вяршэнства права і свабодныя выбары.
Сябры YEPP з 35 эўрапейскіх краін ужо даўно ў цесным кантакце зь беларускай апазыцыяй. Сёньня салідарнасьць зь сіламі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, неабходная як ніколі. Людзі маюць патрэбу ў нашым заахвочваньні і нашай падтрымцы”, — адзначыў Філіп Місфэльдэр.
Радыё Свабода
|