Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю прыняў рашэньне аб арышце кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага. Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс" паведамілі крыніцы ў праваахоўных органах.
Па словах міліцэйскага чыноўніка, Бяляцкі, затрыманы напярэдадні і абвінавачаны нібыта ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйных памерах, будзе зьмешчаны пад варту ў адной зь менскіх устаноў папярэдняга зьняволеньня. Такое рашэньне прынятае неўзабаве пасьля заканчэньня допыту з удзелам Бяляцкага і ягонага адваката ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў, які правялі сьледчыя ведамства, паведамляе "Радыё Свабода".
Нагадаем, зьвесткі беларускаму боку аб банкаўскіх рахунках 400 грамадзкіх і апазыцыйных дзеячаў Беларусі яшчэ ў сакавіку перадало Міністэрства юстыцыі Літвы, на падставе якіх беларускія кантрольныя органы абвінавацілі Алеся Бяляцкага ва ўхіленьні ад аплаты падаткаў. Праўда, сёньня прадстаўнікі літоўскага Мін'юсту выказалі шкадаваньне, што канфэдыцыйную інфармацыю ўлады Беларусі выкарысталі ў палітычных мэтах.
Калегі Бяляцкага перакананыя, што арышт праваабаронцы – помста ўладаў за прававую і фінансавую дапамогу ад "Вясны" палітвязьням, іх сем'ям, а таксама ўсім рэпрэсаваным па выніках прэзыдэнцкай кампаніі сьнежня 2010 году. З гэтай нагоды яны выдалі заяву.
ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ “ВЯСНА”
4 жніўня 2011 г. у межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь - “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры” - быў затрыманы старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі. Санкцыя ў межах артыкула, які інкрымінуецца Алесю Бяляцкаму, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Затрыманню вядомага праваабаронцы папярэднічалі ператрусы ў яго дома і на лецішчы, на офісе ПЦ “Вясна”.
Крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Бяляцкага мы адназначна ўспрымаем як расправу і помсту за ягоную шматгадовую праваабарончую дзейнасць, а таксама як імкненне знішчыць Праваабарончы цэнтр “Вясна” і запалохаць увесь праваабарончы рух у Беларусі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”:
Патрабуе неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага і спынення крымінальнага пераследу ў адносінах да яго.
Заяўляе пра намер працягваць сваю працу, паколькі наша арганізацыя - гэта людзі, якія аб’яднаныя верай у важнасць сваёй місіі па абароне правоў і свабод грамадзянаў Беларусі.
Выказвае шкадаванне, што дзяржаўныя органы Літоўскай Рэспублікі стварылі спрыяльныя ўмовы для з’яўлення крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Бяляцкага.
Заклікае міжнародную супольнасць ужыць усе магчымыя сродкі палітычнага і прававога ціску на ўрад Беларусі ў мэтах вызвалення Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных вязняў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў вядуць да далейшай ізаляцыі краіны і ставяць Беларусь пад пагрозу магчымых эканамічных санкцый, віна за ўвядзенне якіх цалкам кладзецца на ўрад.
Мы выказваем падзяку ўсім калегам-правабаронцам, грамадcкім дзеячам, журналістам, усім грамадзянам Беларусі і іншых краін, якія выказваюць падтрымку Алесю Бяляцкаму і нашай арганізацыі. |