Выйшлі на волю 4 палітвязьні

2 сентября 2011

Увечары 1 верасьня выйшлі на волю 4 палітвязьні, асуджаныя за ўдзел у падзеях 19 сьнежня. Гэта Алесь Кіркевіч, Андрэй Пратасеня, Дзьмітрый Даронін і Алег Гнедчык. Хто можа выйсьці наступным і калі гэтага чакаць?

Паводле Дзьмітрыя Дароніна, перад вызваленьнем ён чуў размовы пра магчымае вызваленьне Алеся Атрошчанкава, зь якім сядзеў у калёніі «Віцьба-3»:

«Я чуў, што ён мусіў вызваліцца разам са мной, але гэта не пацьвердзілася».

З самім Алесем Атрошчанкавым Дзьмітрый Даронін напярэдадні свайго вызваленьня ня бачыўся. 1 верасьня жонка вязьня Дар’я Корсак казала «Свабодзе», што да Алеся ўвогуле не зьвярталіся з прапановай падпісаць прашэньне аб памілаваньні і ён не зьбіраецца такую паперу падпісваць.

Паводле вызваленага Алега Гнедчыка, ён бачыў сьпіс на памілаваньне зь сямі чалавек і разгледзеў там прозьвішча Фёдара Мірзаянава, якога трымаюць у Івацэвіцкай калёніі. Маці Фёдара Людміла Мірзаянава заяўляе, што бачылася з сынам толькі ўчора і ведае, што той двойчы адмовіўся падпісваць прашэньне:

«Гэта нерэальна. Сёньня я званіла ў калёнію і спыталася — можа, Фёдара памілавалі, бо зьявілася інфармацыя на сайтах, што такое магчыма. Жанчына мне адказала, што не. І я таксама думаю, што не, бо Фёдар не падпісаў ніякіх папер».

Нічога ня ведае пра магчымых новых памілаваных і Алесь Кіркевіч, якога вызвалілі з Наваполацкай калёніі, дзе таксама трымаюць Андрэя Саньнікава і Мікіту Ліхавіда. Андрэя Саньнікава Кіркевіч бачыў здаля некалькі дзён таму, зь Мікітам Ліхавідам яны даўно не сустракаліся. Калі іх могуць вызваліць?

«Няма ў мяне інфармацыі пра іх. Мяркую, вызваляць будуць у апошнюю чаргу былых кандыдатаў ці такіх людзей, як Дашкевіч».

2 верасьня МЗС Баўгарыі пацьвердзіў, што міністар замежных спраў гэтай краіны Мікалай Младэнаў на мінулым тыдні сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які паабяцаў, што да сярэдзіны кастрычніка вызваліць усіх палітвязьняў.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў мяркуе, што каб атрымаць крэдыты і выратаваць сытуацыю ў эканоміцы, Лукашэнку сапраўды давядзецца вызваляць палітвязьняў і рабіць гэта як найхутчэй:

«Бяз гэтага немагчыма выйсьці са становішча, у якім краіна апынулася па ягонай волі. Я перакананы, што крайні тэрмін вызваленьня палітвязьняў — кастрычнік, а можа нават паспрабуюць гэта зрабіць пад канец верасьня. Бо Лукашэнка зацікаўлены, каб беларуская дэлегацыя, а лепш і ён сам, былі на саміце „Ўсходняга партнэрства“, які прызначаны на канец верасьня».

Палітвязень Павал Севярынец, які адбывае пакараньне «хіміяй» у Пружанскім раёне, мяркуе, што вызваленьне адбудзецца не раней за сярэдзіну кастрычніка — пасьля народнага сходу, якія прызначыла апазыцыя:

«Па лёгіцы падзеяў, калі абяцана да сярэдзіны кастрычніка вызваліць, то арыенцір — гэта масавыя пратэсты. Вось калі масавыя пратэсты прамінуць для Лукашэнкі, ён вызваліць, напэўна, і самых уплывовых, тых, чые імёны на слыху на Захадзе».
Усяго ў вязьніцах яшчэ застаюцца 15 вязьняў, асуджаных за Плошчу, і 2 актывісты, асуджаныя нібыта за хуліганства за дзень да выбараў.

За Плошчу адбываюць пакараньне ў вязьніцы Аляксандар Атрошчанкаў, Аляксандар Малчанаў, Дзьмітрый Новік, Мікіта Ліхавід, Зьміцер Бандарэнка, экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, Фёдар Мірзаянаў, Ільля Васілевіч, экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат на прэзыдэнта Дзьмітрый Вус, Аляксандар Класкоўскі, Дзьмітрый Буланаў, Павал Вінаградаў, Уладзімер Лобан, Алег Федаркевіч. Нібыта за хуліганства адбываюць тэрміны Дзьмітрый Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

На «хіміі» знаходзіцца ўдзельнік Плошчы Павал Севярынец. Да «хіміі» асуджаныя таксама Дзьмітрый Мядзьведзь і Андрэй Пазьняк.

Асуджаныя за Плошчу на пазбаўленьне волі з адтэрміноўкай ці на ўмоўныя тэрміны Ірына Халіп, Сяргей Марцэлеў, экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, Наста Палажанка, Сяргей Вазьняк, Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Фядута.

Беларускія праваабаронцы таксама лічаць палітвязьнямі прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які адбывае 5 гадоў зьняволеньня ў Івацэвіцкай калёніі за незаконныя дзеяньні са зброяй, вязьня сьледчага ізалятара на Валадарскага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, супроць якога вядзецца справа аб утойваньні прыбыткаў у вялікіх памерах, і асуджаных на розныя тэрміны за напады на будынкі актывістаў анархісцкага руху Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Мікалая Дзядка і Яўгена Васьковіча.

Такім чынам, усяго ў сьпісе палітвязьняў 34 чалавекі.

Акрамя таго, штрафы за Плошчу атрымалі грамадзяне Расеі Арцём Брэўс і Іван Гапонаў.