У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска 28 верасня і 12 кастрычніка пад старшынствам суддзі Алены Рудніцкай, з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора Пракуратуры Маскоўскага раёна г. Мінска Сяркова адбыўся судовы разгляд крымінальнай справы Святаслава Барановіча, які абвінавачваўся па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (непасрэдны ўдзел у масавых беспарадках).
12 кастрычніка суд прызнаў абвінавачанага вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, і прыгаварыў да абмежавання волі на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд ужыў у дачыненні да Святаслава Барановіча арт.70 КК Рэспублікі Беларусь і палічыў магчымым вынесці прысуд, меньшы за мінімальную мяжу, прадугледжаную ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь. Такая магчымасць, на думку суда, звязана з наяўнасцю змякчаючых абставінаў, а менавіта – маладога ўзросту Барановіча і наяўнасці месца працы.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”, нягледзячы на тое, што прысуд падаецца мяккім, лічыць, што гэты прысуд не адпавядае фактычным матэрыялам справы, а таму з’яўляецца незаконым.
1. У судовым працэсе, як і ў папярэдніх, не прадстаўлены неабходныя доказы таго, што 19 снежня 2010 г. падчас мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў мелі месца масавыя беспарадкі, прадугледжаныя арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта падпалы, пагромы, гвалт над асобай, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў прадстаўнікам праваахоўных органаў і органаў улады.
2. У судзе так і не былі прадстаўлены дакладныя доказы таго, што непасрэдна абвінавачаны здзейсніў хоць адно з дзеянняў, якія дыспазыцыяй артыкула 293 КК Рэспублікі Беларусь аднесены да кваліфікацыі масавых беспарадкаў.
3. Шэраг судовых матэрыялаў, у першую чаргу відэаматэрыялаў, могуць быць непасрэдным доказам таго, што Барановіч здзейсніў іншыя правапарушэнні, якія могуць кваліфікавацца як дробнае хуліганства.
Так, у сваім выступе ў спрэчках дзяржаўны абвінаваўца не даў ацэнку паказанням шматлікіх пацярпелых, а менавіта Сміронва Вадзіма, Масальскага Сяргея, Палая Сяргея, Шпака Дзмітрыя, якія засведчылі, што не бачылі, каб сам абвінавачаны ці іншыя ўдзельнікі сходу наносілі ўдары, учынялі пагромы, падпалы, аказвалі ўзброены супраціў супрацоўнікам міліцыі. Адзінай падставай, на якую спаслаўся пракурор, стала тое, што ў аналагічных працэсах ужо знайшло сваё пацвержанне здзяйсненне 19 снежня 2010 г. у Мінску масавых беспарадкаў. Такім чынам, ні дзяржаўны абвінаваўца, ні суд не далі ацэнку паказанням пацярпелых, сведчанням сведкаў і абвінавачанага, з якіх вынікала, што ў Мінску не мелі месца масавыя беспарадкі.
Адсутнасць самога факту масавых беспарадкаў
19 снежня 2010 г. у Мінску акцыя пратэсту насіла мірны характар. Толькі невялікая група, не больш за 20 чалавек, адхілілася ад мірнага характару акцыі і прыняла ўдзел у гвалтоўных дзеяннях. Частка гэтых асобаў рабілі гэта з хуліганскіх меркаванняў, але іх дзеянні не суправаджаліся пагромамі, падпаламі, узброеным супрацівам, гвалтам над асобай.
Масавыя беспарадкі прадугледжваюць прамы намер на іх здзяйсненне, узгодненасць у дзеяннях асобаў, неўтаймаванасць натоўпу. Сведкі паказалі, што ў руках у дэманстрантаў не было бачна прадметаў, якія маглі б выкарыстоўвацца для гвалтоўных дзеянняў (не было чаранкоў ад рыдлёвак, ледарубаў, рыдлёвак, сякер). Супрацьпраўныя дзеянні былі спыненыя адразу, як толькі з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, якія доўгі час дэманстратыўна не ўмешваліся ў дзеянні правапарушальнікаў, ніякім чынам не спыняючы іх.
Доказнасць віны
Ніводны з сведкаў альбо пацярпелых не паказаў, што бачыў, як абвінавачаны наносіў удары супрацоўнікам міліцыі ці па дзвярах будынка. Сам абвінавачаны патлумачыў, што ён атрымаў удар па галаве дубінкай, быў у шокавым стане, сцякаў крывёю і ў такім стане нанёс некалькі ўдараў гумавай дубінкай, якую выцягнуў з вакна Дома Ураду, па шчытах супрацоўнікаў міліцыі, не імкнучыся патрапіць па іх ці нанесці ім шкоду.
Выснова
Асуджэнне абвінавачанага Святаслава Барановіча па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь з’яўляецца незаконным і палітычна матываваным.
Кароткае апісанне судовага працэсу
28 верасня 2011 г.
Судовы працэс распачаўся з зачытвання пракурорам абвінавачвання, з якога вынікала, што абвінавачаны Святаслаў Барановіч прыняў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся падпаламі, гвалтам над асобай, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, быццам бы ён, выкарыстоўваючы надуманыя нагоды пра недэмакратычнасць выбараў, далучыўся да некалькіх тысячаў асобаў. Барановіч дзейнічаў у складзе свавольнага натоўпу з ужываннем фізічнай сілы.
Барановіч часткова прызнаў сваю віну і патлумачыў суду, што на пл. Незалежнасці забраўся на прыступкі Дома Ураду, яму далі дубінкай па галаве, ён паддаўся эмоцыям, пайшоў на прарыў, але зла прычыніць не хацеў. Выхапіў дубінку, падабраў шчыт, які ляжаў, і пайшоў далей на натоўп. Удары наносіў рукамі і дубінкай толькі па шчытах - даў зразумець, што каб людзі таксама не білі ў наступны раз. Тлумачыў свае дзеянні псіхалагічным зрывам, звязаным з тым, што супрацоўнікі міліцыі пачалі збіваць мірных грамадзянаў, і яго ў тым ліку.
Затым суд перайшоў да допыту сведкаў. Сведкі Скараход, Зінкевіч, Страгач, Перапейка і іншыя не бачылі падпалаў, але бачылі ў той ці іншай ступені агрэсіўны натоўп, які ажыццяўляў напады на супрацоўнікаў міліцыі. Усе сведкі падкрэслілі, што абвінавачанага не бачылі і наконт яго дзеянняў паказаць не могуць.
12 кастрычніка 2011 г.
Суд распачаўся з допыту пацярпелых Смірнова Вадзіма, Багнова Ігара, Лявіцкага Андрэя і іншых, якія далі аналагічныя паказанні, што яны не бачылі абвінавачанага, а таксама падкрэслілі, што не бачылі прыкметаў масавых беспарадкаў, акрамя таго, што ў іх ляцелі палкі і ўдары пластыкавымі вудамі, якія не наносілі ім шкоды.
Затым суд перайшоў да азнаямлення з пісьмовымі матэрыяламі справы.
Асноўным дакументам з’яўляецца пратакол агляду месца здарэння, на падставе якога адзначана, што на плошчы знойдзеныя: бутэлькі, арматура, чаранкі ад рыдлёвак, сякера, ледарубы, бутэлькі з успламяняльнай вадкасцю і іншыя прылады.
Таксама ў судзе быў прагледжаны відэаматэрыял без гуку, які не далі магчымасці паглядзець прысутным у зале асобам.
Пасля прагляду відэа адвакат падкрэсліў, што абвінавачаны не біў па шчытах, не лез у вакно будынку.
Суд перайшоў да спрэчак.
Пракурор вельмі каротка спыніўся на факце масавых беспарадкаў, спаслаўшыся на ранейшыя судовыя прыгаворы, а затым, прапанаваўшы прымяніць арт.70 КК, разважаў пра тое, якія змякчаючыя абставіны зрабілі магчымым выкарыстаць артыкул, які прадугледжвае абвінавачанне ніжэй за ніжэйшы памер санкцыі артыкула.
Адвакат пагадзіўся, што факт масавых беспарадкаў быў даказаны ў іншых працэсах, але падкрэсліў, што ўсё ж не было масавых беспарадкаў і папрасіў апраўдаць яго падабароннага.
Суд пагадзіўся з довадамі пракурора і вынес пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Такое рашэнне суда яшчэ раз падкрэслівае палітычны характар усіх працэсаў па падзеях 19 снежня 2010 г., паколькі вынесеныя раней прысуды, за значна меншыя дзеянні, чым у Барановіча, звязныя з пазбаўленнем волі, сведчаць пра мэты ўладаў ажыццявіць рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных актывістаў і ўдзельнікаў акцыі пратэсту. А ў сітуацыі з Святаславам Барановічам улады мелі за мэту прадэманстраваць змяншэнне колькасці палітычных вязняў дзеля магчымых перамоваў з краінамі Еўрапейскага Саюза.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Фота Радыё Свабода |