Дзень салідарнасці ля мінскага Петра-Паўлаўскага сабору

17.11.2011

16 лістапада актывісты “Маладых дэмакратаў” правялі акцыю памяці палітычных ахвяр беларускага рэжыму.

У 18.00 актывісты выставілі ля мінскага Петра-Паўлаўскага сабору 9 свечак з партрэтамі зніклых і загінулых палітыкаў, журналістаў і вядомых грамадскіх дзеячоў. Сярод іх - Генадзь Карпенка, Юрась Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зміцер Завадскі, Вераніка Чаркасава, Алег Бебенін, Андрэй Зайцаў, Яна Палякова.

Акцыя выклікала вялікую зацікаўленасць мінакоў.

Праз 20 хвілін з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, але бліжэй да людскога натоўпу вырашылі не падыходзіць. Яшчэ праз 10 хвілін з'явіліся людзі ў штацкім, якія адразу пачалі прыбіраць свечкі з партрэтамі, звяртаючыся да прысутных са словамі: "Усё скончана, разыходзьцеся". Іншых інцыдэнтаў з іх боку, а таксама супрацоўнікаў міліцыі зафіксавана не было.

Акцыі салідарнасці з палітычнымі ахвярамі рэжыму адбыліся і ў іншых гарадах Беларусі. У Бабруйску і Брэсце актывісты "Маладых дэмакратаў" зрабілі раслейку на гарадскіх афішах плакатаў з партрэтамі палітычных зняволеных і зніклых людзей.