Дашкевіч і Лобаў ужо 11 месяцаў за кратамі

18 ноября 2011

18 лістапада спаўняецца 11 месяцаў з дня арышту старшыні “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча і кіраўніка менскай філіі МФ Эдуарда Лобава. Абодва хлопцы працягваюць утрымоўвацца ў турме, таму маладафронтаўцы рэгулярна інфармуюць людзей пра палітвязняў, паведамляе сайт МФ.

Сёння менскія сябры МФ распаўсюдзілі некалькі соцень улётак з інфармацыяй пра зняволеных хлопцаў. Акцыя адбылася ў раёне кірмаша Камароўкі – улёткі былі скіданыя з дамоў-кукурузаў бліз кірмаша.

Нагадаем, суддзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько вынесла жорсткі вырак двум лідэрам «Маладога фронту», супраць якіх была здзейсьненая правакацыя – маўляў, яны 18 снежня мінулага году пабілі двух беспрацоўных мінакоў. Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Эдуарда Лобава – на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Суддзя Шылько прызнала іх вінаватымі ў хуліганстве – Дашкевіч быў асуджаны па другой частцы артыкула 339 «Злоснае хуліганства». Лобаў быў асуджаны па больш жорсткай трэцяй частцы артыкула «Асабліва злоснае хуліганства», таму, што па версіі следства, ён нібыта выкарыстоўваў у час бойкі металічны ломік.

Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў прызнаныя Вязнямі сумлення.