25 лістапада актывісты праваабарончых арганізацый з розных краінаў выйшлі на вуліцы, да будынкаў амбасадаў і консульстваў Беларусі ў сваіх гарадах, каб падтрымаць асуджанага кіраўніка «Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, а таксама выказаць сваё абурэнне на адрас беларускіх уладаў. Акцыі прайшлі ў такіх гарадах, як Парыж, Брусель, Стакгольм, Хельсінкі, Буэнас-Айрэс, Анкара, Санкт-Пецярбург, Ерэван, Бішкек, Тбілісі, Заграб...
Каля будынка амбасады Беларусі ў Парыжы FIDH заклікала да вызвалення Алеся Бяляцкага
У Бруселі Бельгійская ліга правоў чалавека правяла акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім ля будынка Еўрапейскай Камісіі:
У Стакгольме прадстаўнікі шведскіх праваабарончых арганізацый Östgruppen, Civil Rights Defenders, шведскага аддзялення Amnesty International і SILC патрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў ля будынка амбасады Беларусі. «Мы ведаем, што Алесь Бяляцкі не злачынца, а наадварот мужны змагар за правы чалавека. Мы ведаем, што суд над Бяляцкім быў сапраўдным фарсам. І мы ведаем, каго насамрэч трэба садзіць на лаву падсудных, гэта прадстаўнікоў беларускіх уладаў», адзначае Марцін Угла, кіраўнік Östgruppen.
Турэцкая праваабарончая арганізацыя Human Rights Association (IND) арганізавала акцыю перад пасольствам Беларусі ў Анкары. «Калі мы хочам вяршэнства дэмакратыі, прызнання ідэалаў правоў чалавека і павагі да людзей у нейкай краіне, гэта можа быць забяспечана, толькі калі змагары за правы чалавека застаюцца свабоднымі для ажыццяўлення сваёй працы», - удзельнікі акцыі заклікалі ўрад Беларусі абараняць праваабаронцаў у адпаведнасці з міжнародным правам.
Дырэктар “Праваабарончага Цэнтра Азербайджана” Эльдар Зайналаў звярнуўся да амбасадара Беларусі ў Азербайджане з выказваннем пратэсту “супраць стварэння ў Беларусі такіх умоваў для дзейнасці праваабарончых арганізацый, калі простыя, прынятыя ва ўсім свеце формы дзейнасці ў абарону асноўных правоў і свабод чалавека, сутыкаюцца з крымінальнымі абвінавачваннямі і судовымі рэпрэсіямі”. Сп. Зайналаў папрасіў беларускага дыпламата перадаць ураду патрабаванне “неадкладнага вызвалення нашага калегі і прыняцця заканадаўчых гарантый бесперашкоднай дзейнасці праваабаронцаў у Беларусі, якая з'яўляецца адным з заснавальнікаў ААН і датычная да прыняцця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Дэкларацыі правоў праваабаронцаў”.
Ля будынку беларускай амбасады адбылася акцыя армянскіх праваабаронцаў у Ерэване.
У акцыі каля амбасады Беларусі ў Бішкеку прынялі ўдзел кіргізскія актывісты з Праваабарончага цэнтру “Грамадзяне супраць карупцыі”, “Кылым Шамы”, Юрыдычнай клінікі “Адылет”, а таксама валанцёры, студэнты вну.
Акцыя доўжылася на працягу гадзіны, аднак прадстаўнікі амбасады так і не выйшлі да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
У Заграбе “Грамадзянскі камітэт за правы чалавека” правёў маштабную прэс-канферэнцыю па справе Алеся Бяляцкага, на якой выступалі вядомыя актывісты грамадскіх арганізацый, а таксама амбудсмэн. У знак салідарнасці ўсе былі ў майках з выявай Алеся Бяляцкага. Дзякуючы прысутнасці на прэс-канферэнцыі асноўных харвацкіх тэлеканалаў, навіна пра прысуд Алесю Бяляцкаму стала галоўнай у інфармацыйным полі краіны.
У Харарэ, сталіцы Зімбабвэ, прадстаўнікі "Асацыяцыі Правоў Чалавека" (ZimRights) гэтай паўднёва-афрыканскай рэспублікі таксама далучыліся да глабальнай праваабарончай кампаніі і рашуча асудзілі незаконны прысуд і турэмнае зняволенне Алеся Бяляцкага. «Мы ўсе вельмі добра знаёмыя з рэпрэсіўнымі рэжымамі, якія падрываюць права і прававыя сістэмы з мэтай пераследу абаронцаў правоў чалавека. Беларусь з'яўляецца адной з такіх краінаў», — сказаў выканаўчы дырэктар ZimRights сп. Акей Мачыса. «Асаблівую занепакоенасць у гэтым пытанні выклікае свядомы ўдзел польскіх уладаў у пераследзе праваабаронцы, нягледзячы на шырока вядомую пазіцыю ЕС па гэтым пытанні, а таксама кіруючыя прынцыпы па абароне праваабаронцаў. Пытанне патрабуе тэрміновай увагі з пункту гледжання таго, як рэалізуюцца гэтыя кіруючыя прынцыпы і як краіны ЕС павінны спраўляцца з неадпаведнасцю сваіх абавязацельстваў па абароне праваабаронцаў і іншых двухбаковых і шматбаковых абавязацельстваў», — адзначыў прадстаўнік ZimRights і віцэ-прэзідэнт FIDH Арнольд Цунга. Такім чынам, ZimRights заклікаў беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага.
ПЦ «Вясна»
На фота: Парыж, Брусэль, Бішкек
|