Сэнат ЗША адобрыў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі»

18 декабря 2011

Законапраект ініцыяваны старшынём Хэльсінскай камісіі Кангрэса ЗША рэспубліканцам Крыстафэрам Сьмітам (на фота).

Ніжняя палата Кангрэсу — Палата прадстаўнікоў адобрыла акт 6 ліпеня 2011 году. Цяпер законапраект мае падпісаць прэзыдэнт Злучаных Штатаў Барак Абама.

Ухвалены законапраект уносіць зьмены і папраўкі ў дзейны закон 2004 года «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі».

У дакумэнце асуджаюцца апошнія парушэньні правоў чалавека, зьбіцьцё, арышты актывістаў апазыцыі і кандыдатаў на прэзыдэнта, маніпуляцыя выбарчымі кампаніямі, уціск незалежных СМІ, нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў у Беларусі.

Акрэсьліваючы палітыку ЗША адносна Беларусі, Кангрэс ЗША настойвае на тэрміновым вызваленьні без перадумоваў усіх палітычных вязьняў у Беларусі, падтрымлівае жаданьне беларускага народу жыць ва ўмовах дэмакратыі, выкананьня правоў чалавека і падзелу ўладаў, зьберажэньня незалежнасьці і сувэрэнітэту краіны.

Кангрэс настойвае на непрызнаньні вынікаў выбараў 19 сьнежня 2011 году, падтрымлівае заклікі пра новыя выбары адпаведна стандартам АБСЭ, а таксама выказвае падтрымку дэмакратычным рухам і арганізацыям у Беларусі, якія даюць магчымасьці «пакончыць з тыраніяй» у сваёй краіне.

Кангрэс таксама заклікае да поўнага дасьледаваньня зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі, заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакея замарозіць плян правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года ў Менску, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні.

Кангрэс таксама заклікае ўрад ЗША працягваць падтрымку радыё, тэлевізійнага і інтэрнэт-вяшчаньня на Беларусь, прадугледзець фінансаваньне выкананьня гэтага закону

Сэнат падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Менска, у прыватнасьці пашыраны сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЗША, уведзеныя дадатковыя фінансавыя санкцыі на шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, а таксама ініцыяваную падрыхтоўку да замарожваньня актываў шэрагу асобаў у Беларусі.