4 студзеня экс-міністру ўнутраных спраў, генэралу Юрыю Захаранку споўнілася б 60 гадоў.
7 траўня 1999 году па дарозе дадому Юры Захаранка быў гвалтоўна выкрадзены, і з той пары лёс яго невядомы. Генэральная пракуратура Беларусі пэрыядычна дэкляруе, што сьледзтва па справе зьнікненьня Захаранкі працягваецца, мяняюцца сьледчыя, якія вядуць справу, але вынікаў няма.
Генэрал Захаранка быў першым у чарадзе палітычных зьнікненьняў — яго выкралі ўвесну 1999 году. Праз 4 месяцы, 16 верасьня 1999 году, пры такіх жа загадкавых абставінах зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, яшчэ праз год, 7 ліпеня 2000 году, зьнік тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі.
Былы сьледчы Пракуратуры гораду Менску праваабаронца Алег Волчак 11 гадоў таму стварыў грамадзкую камісію па расьсьледаваньні палітычных зьнікненьняў. Што да справы Юрыя Захаранкі, Алег Волчак кажа:
«Праўда ў агульным раскрытая. Вядомыя ня толькі тыя людзі, якія выкрадалі і зьнішчалі, але і тыя, хто расьсьледавалі і замоўчваюць. Пэрспэктывы абнародаваньня наперадзе. І добры аптымізм дае справа Георгія Гангадзэ ва Ўкраіне — як толькі ўлада памянялася, знайшліся і вышэйшыя службовыя асобы, і сам Кучма ходзіць зараз на допыты ў пракуратуру».
Карэспандэнтка: «Некалі самі міліцыянты, сьледчыя казалі, што гэта справа іх гонару — раскрыць справу Захаранкі. Гонару няма ў беларускай міліцыі, ці як?»
«Я мяркую, што такія словы, як гонар, годнасьць афіцэра ці проста гонар мужчыны, да многіх нашых афіцэраў, на жаль, не пасуюць, таму яны так лёгка могуць такімі словамі кідацца. Гэта гонар усёй міліцыі — знайсьці генэрала».
Сябра Юрыя Захаранкі Аляксандар Дабравольскі таксама перакананы, што праўду пра ўсе палітычныя зьнікненьні народ даведаецца:
«Я баюся, што праўда адкрыецца толькі пасьля таго, як зьменіцца гэтая ўлада. Шмат чаго ўжо вядома — як гэта здарылася, шмат чаго невядома. Але вядомыя людзі, якія зьдзейсьнілі гэтае злачынства. Іх у свой час арыштавалі. Ініцыятарам арышту быў старшыня КДБ, санкцыю на арышт даў генэральны пракурор. Але ўладзе гэта непатрэбна, і на наступны дзень гэтых людзей выпусьцілі, а генпракурора і старшыню КДБ адправілі ў адстаўку. Я думаю, праўду мы даведаемся, але толькі пасьля таго, як хопіць сілаў замяніць гэтую ўладу».
Але і ўлада спрабуе замесьці сьляды, кажа былі сьледчы Алег Волчак:
«На сёньня ў нас ёсьць інфармацыя: з тых, хто Захаранку захопліваў, ліквідаваў — а гэта восем чалавек, — што паловы зь іх ужо няма ў жывых, то бок іх прыбралі паціху. Але сьляды ўсё адно застаюцца, любы крыміналіст вам скажа».
Паплечнік Юрыя Захаранкі па Аб’яднанай грамадзянскай партыі і сябар ягонай сям’і Аляксандар Дабравольскі:
«Гэта быў вельмі моцны і харызматычны чалавек. І вось гэтага, напэўна, баяўся Лукашэнка, бо ён быў бы яму вельмі моцным канкурэнтам…
Ульяна Захаранка
І вельмі шкада яго маці, Ульяну Рыгораўну, якая страціла яшчэ аднаго сына, які быў мараком-падводнікам. І да гэтай пары яна чакае свайго сына Юру».
??Маці Юрыя Захаранкі спадарыні Ульяне празь месяц мае споўніцца 88. Яна прызнаецца, што жыцьцё яе спынілася 13 гадоў таму:
«Я плачу дзень і ноч, я спакою ня ведаю. Прайшло столькі гадоў, і куды іх падзелі, што яны зь імі зрабілі? Гэта ж ня можна перажыць. У нас нікога не засталося. Брат яго старэйшы памёр, і па аднаму сыну перажываю, і па другому, і па дзецях ягоных перажываю, што ў Нямеччыне. Як цяжка гэта ўсё перажыць…»
Сям’я Юрыя Захаранкі — жонка Вольга, дочкі Алена і Юлія і ўнук Кірыл — 11 гадоў таму атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне.
Іна Студзінская
Радыё Свабода
|