Актывісты ў замежжы заклікалі сёння 16 сакавіка, а 17:00, ускласці кветкі каля мемарыяльнай шыльды ў Мінску, устаноўленай у памяць пра загінулых падчас тэракта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года.
Сваёй акцыяй яны заклікаюць аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне.
Нагадаем, што 14 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.
16:45 Каля выхаду на станцыю метро «Кастрычніцкая» ўжо сабраліся журналісты, ёсць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, стаіць некалькі дзяўчат з кветкамі.
16:51 Першыя кветкі ўскладзеныя. Падышла адна дзяўчына, усклала кветкі і сышла. Прысутнічае каля 15 журналістаў.
16:58 Некалькі людзей усклалі кветкі і адышлі, у іх журналісты бяруць інтэрв’ю. Пакуль журналістаў болей, чым удзельнікаў акцыі.
17:03 Пачалі падцягвацца ўдзельнікі, некалькі дзяўчат усклалі кветкі. Побач прагульваецца мужчына з налепленай на сумку паперкай, на якой ад рукі напісана па-беларуску «Мы супраць». У руках яго кветка, але ўскладаць яе ён не наважваецца.
Журналісты бяруць інтэрв’ю ва ўдзельнікаў акцыі, а міліцыя ўважліва слухае.
Міліцыя пакуль ніякіх дзеянняў не прадпрымае, але заўважна нервуюцца.
17:10 Міліцыянты пераследуюць тых, хто ўскладае кветкі. Людзі хаваюцца ў «Макдональдсе». Так зрабілі некалькі дзяўчат і мужчына. Апошняму нібыта ўдалося незаўважанаму сысці.
17:20 Людзі працягваюць падыходзіць па адным, аднак агулам колькасць удзельнікаў акцыі склала ўсяго каля 10 чалавек.
17:22 Карэспандэнты «НН» заўважылі, як людзі ў цывільным уцягнулі аднаго з удзельнікаў акцыі ў прыпаркаваны паблізу аўтобус.
17:25 «Мы нязгодныя з прысудам Кавалёву і Канавалаву», — растлумачылі свой удзел у акцыі хлопец і дзяўчына.
17:35 Хлопец Ілля пракаментаваў сітуацыю карэспандэнтам «НН». Ён не ўпэўнены, што вінаватыя менавіта двое асуджаных. «Я спадзяюся, што людзей мала таму, што людзі баяцца, а не таму, што ім абыякавы прысуд», — сказаў ён. Пасля таго, як ён скончыў прамаўляць, да яго падышлі міліцыянты, каб затрымаць яго. Убачыўшы, што журналісты здымаюць затрыманне, адзін з міліцыянтаў вылаяўся і адпусціў Іллю.
17.55 Акцыя ў запланаваным фармаце скончаная, удзельнікі разышліся, аднак некаторыя неабыякавыя мінчукі збіраліся ўскладаць кветкі і надалей.
Наша ніва
|